Першымі пацыентамі, якіх вылечылі стваловымі клеткамі ў Беларусі, сталі мышы

24 мая 2013

Пяць гадоў таму навукоўцам-наватарам прыйшлося даказваць, што стваловыя тэхналогіі - гэта зусім не эксперымент дзеля навукі, а сотні людзей, якія вярнуліся да нармальнага жыцця. Сёння ў Беларусі рыхтуецца да акрэдытацыі Міжнародны цэнтр клетачных тэхналогій, які адпавядае ўсім міжнародным патрабаванням. А ў хуткім часе з'явіцца і нанабіяфармацэўтычны кластар. Белбіягорад - так назвалі гэты горад навукоўцаў, у якім да 2020 года будуць працаваць 37 тысяч чалавек. Указ Прэзідэнта аб яго стварэнні заяўлены да публічнага абмеркавання на сайце Мінэканомікі. Некалькі гадзін  таму завяршыўся візіт прэм'ера ў Акадэмію навук, які асабіста сочыць за ходам рэалізацыі аднаго з самых амбіцыйных праектаў кластара - Стваловыя клеткі.


Падрабязнасці  ў Галіны Карыпідзі. Тым, хто лічыць, што чуткі аб усемагутнасці стваловых клетак вельмі перабольшаныя, першая пацыентка паказвае свае ногі. Сёння пра аперацыю ёй нагадвае невялікі пракол у вобласці жывата. Адтуль узялі яе ўласныя тлушчавыя клеткі, з якіх  у лабараторыі выраслі мільёны новых стваловых. І перасадзілі на язвы, што не загойваліся  гадамі. Фатаграфіі той аперацыі сёння - радавы выпадак.
Ідэя стварэння Нацыянальнага навукова-тэхнічнага парка прыйшла ў галаву навукоўцам і чыноўнікам пасля таго як некалькі дзясяткаў навуковых дасягненняў атрымалі пастаянную прапіску ў клініках і інстытутах краіны. Вывучыўшы сусветны вопыт  вытворчасці тавараў і паслуг з прынцыпова новымі ўласцівасцямі і характарыстыкамі, стаў відавочным і эканамічны эфект. Лондан. Алімпійскія гульні -  2012. Удзельнік з Аўстраліі бяжыць на ўнікальных біяпратэзах, якія поўнасцю паўтараюць функцыю нагі. Гэта толькі адзін з прыкладаў рэальнасці нерэальных тэхналогій. На іх сусветны рынак ужо зарабіў трыльён долараў. Беларусы ацанілі свой - 8,5 мільярда і вырашылі пачаць са стваловай клеткі. Цуда-клетку адкрылі ў 1966 годзе і толькі ў 2012-м навукоўцам, якія даследавалі яе, прысудзілі Нобелеўскую прэмію – вельмі шмат у ёй белых плям. Сёння  зразумела  адно, што вырашчаная з уласных клетак пацыента, яна здольная на цуд без усялякіх наступстваў.
За беларуска-расійскай праграмай Стваловая клетка сочыць асабіста прэм'ер. А будаўніцтва Белбіягорада - гэта па сутнасці зусім іншы комплексны падыход да навукі. Зараз усё, што будуць ствараць навукоўцы,  трапіць у прамысловую вытворчасць. Галоўны крытэрый - карысць для дзяржавы. Сёння са стваловых клетак вырошчваюць усе органы і тканкі  без выключэння. Беларускія пульманолагі з іх дапамогай навучыліся лячыць сухоты, артапеды – вырошчваць  храсткі, стаматолагі - лячыць парадантоз. У самых безнадзейных выпадках яны даюць чалавеку новую якасць жыцця.