Першыя школьныя лінейкі прайшлі сёння ў Мінскай вобласці

31 августа 2018

Святочная эстафета працягнецца і 1 верасня - у Дзень ведаў. І калі ў гарадах падзея збірае сотні ўдзельнікаў, у сельскіх школах гэта сапраўды сямейнае свята. Напрыклад, у школе Неманіцы Барысаўскага раёна сёлета усяго 8 першакласнікаў. Са святам іх павіншавала Аляксандра Кавеліч.

Крыху нясмела, але з вялікай цікаўнасцю маленькі Багдан спяшаецца на сваю першую школьную лінейку. Напаследак парады ад старэйшай сястры і абавязкова фота ў сямейны альбом.

Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі хутка пазнаёмяцца адно з адным. У неманіцкай сярэдняй школе сёлета ўсяго 8 першакласнікаў. На ўрокі яны будуць прыязджаць з пяці найбліжэйшых вёсак.

Не менш хвалююцца і радуюцца старшакласнікі. У іх наперадзе новы этап. Больш дарослы і самастойны.

Знаёмства са школай або доўгачаканая сустрэча пасля канікул. Для гэтых вучняў сёння асаблівы, святочны дзень. Адкрываць сшыткі і падручнікі за партамі яны будуць толькі пасля выхадных. Першая чвэрць новага навучальнага года сёлета сімвалічна стартуе з панядзелка.

А сёння ўсяго адзін, пазнавальны ўрок. Яго прысвяцілі малой радзіме. Школьнікі пазнаюць цікавыя факты пра гісторыю свайго краю.

Такія краязнаўчыя заняткі і экскурсіі будуць праводзіць і падчас усяго навучальнага года. Творчыя і даследчыя ідэі настаўнікі разам з вучнямі будуць рэалізоўваць і падчас факультатываў.

Толькі ў Барысаўскім раёне новы школьны сезон сёлета пачнуць больш за 18 тысяч школьнікаў. Сярод іх і 2 тысячы першакласнікаў. Дарэчы, святочная эстафета працягнецца і заўтра. Дзень ведаў аб'яднае вучняў, бацькоў і настаўнікаў з розных пунктаў сталічнага рэгіёна.