Першыя крокі да сацыяльнай адаптацыі дзяцей з аўтызмам

26 октября 2014

Сёлета дзеці на роўных атрымалі магчымасць вучыцца ў 6 інтэграваных класах у Мінску. Пра тое, як лечаць навучаннем і чаго ўсё ж не хапае інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі - Анастасія Багамолава.


Сям'я Радзьковых на першы погляд нічым не адрозніваецца ад іншых. Пасля школы разам з малодшым сынам Макарыем (дарэчы, старэйшаму ўжо 20) яны ідуць на паўгадзінную прагулку на свежым паветры. Здавалася б, усё як ва ўсіх. Вось толькі Макар, якому зусім хутка споўніцца 8, хлопчык не звычайны - з асаблівасцямі развіцця.


Надзея Радзькова, мама:


Быў агучаны дыягназ у 5 гадоў - аўтызм. Як я гаварыла, ён прагрымеў, як гром сярод яснага неба. Гэта стрэс, бяссонныя ночы. Слёзы. Прыняцце гэтага дыягназу ішло паступова, але мы гатовыя. Мы зараз разумеем, што гэта не так страшна. Мы гатовыя працаваць з нашым дзіцем.


Для Надзеі яшчэ год таму навучанне сына ў сярэдняй школе нароўні з іншымі дзецьмі было марай. Яна спраўдзілася. Макар пайшоў у першы клас для дзяцей з аўтызмам.


Інтэграваны клас. У кожнага вучня свая асобная зона. Але што самае цікавае, ёсць свае асаблівасці і ў працы настаўніка. Яны раздаюць заданні вучням у спецыяльных кантэйнерах, каб яны разумелі, які аб'ём працы і колькі іх усяго.


Дарэчы, сёлета ў Мінску адкрыліся адразу 6 першых класаў інтэграванага навучання. Праўда, пакуль гэтыя дзеці праходзяць адаптацыю - займаюцца асобна. Паступова іх перавядуць у агульны клас. Але не адных, а з т'ютарамі.


Пытанняў на гэтым эксперыментальным шляху пакуль шмат. Недахоп вузкіх спецыялістаў, распрацаваных навучальных праграм. Але самае галоўнае на гэтым этапе - ініцыятыўная група бацькоў, без якой развіцця праекта не будзе.


Таццяна Якаўлева, кіраўнік Міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі Дзеці. Аўтызм. Бацькі:


У бацькоў шмат жадання і досыць энергіі для таго, каб правесці ідэю інклюзіўнай адукацыі да канца, не толькі ў пачатковай школе. Магчыма, нават сёлета з'явіцца такі клас для дарослых дзяцей. І сёння мы актыўна размаўляем з Гомелем, Бабруйскам, Гроднам... Мы вельмі спадзяемся, што ў найбліжэйшай будучыні, можа быць, нават у наступным годзе, адкрыюцца такія класы і ў нашых рэгіёнах.


Такім чынам, сёння бацькам прыйшоў час пазбаўляцца ад комплексаў - звычкі маўчаць пра свае праблемы. Бо сусветны вопыт ужо даказаў: каб знайсці адказы на складаныя пытанні, іх трэба задаваць. Чым часцей, тым эфектыўней.


Першыя крокі да сацыяльнай адаптацыі дзяцей з аўтызмам зробленыя. Комплекснае навучанне забяспечваюць дэфектолаг і т'ютары. У перспектыве павінны з'явіцца і супервізары - спецыялісты, якія дакладна ведаюць, як працаваць з такімі дзецьмі.