Першыя сямейныя алеі з'явіліся ў Салігорску і Маладзечне

15 апреля 2019

У горадзе шахцёраў паўсотні імянных клёнаў высадзілі побач з вадаёмам, а ў Маладзечне  алея з 20 дрэў цяпер будзе расці ў гарадскім парку Перамогі. 

Акрамя ўрачыстых мерапрыемстваў у выхадныя прайшлі і суботнікі. Жыхары цэнтральнага рэгіёна працягваюць наводзіць парадак на вуліцах, у парках і скверах. Рэпартаж  Наталлі Кезік.

Высадку свайго імяннога клёна сям’я Кузмірук запланавала на суботу. Ідэю падтрымалі аднагалосна. Мама з татам жартуюць, што падчас вяселля не паспелі павесіць свой замок на шчасце. Затое цяпер больш поўным складам пасадзяць імянное дрэва. А пяцігадовая Соф’я і трохгадовы Ціхан абяцалі даглядаць і абавязкова паліваць клён.

Пасадзіць сваё дрэва ў Маладзечанскім гарадскім парку сабраліся два дзясяткі сем’яў. Побач з клёнам можна ўстанавіць імянную таблічку з прозвішчам сям’і альбо нават генеалагічным дрэвам.

Больш за тое, алея ў парку з кожным годам будзе расці. Высадзіць дрэва тут зможа любая сям’я  ў дзень шлюбу альбо ў дзень нараджэння дзіцяці. 

У цэнтральным рэгіёне праект "Парк сямейных дрэў" стартаваў менавіта ў Маладзечне. Надалей зялёную традыцыю ўвасобяць і ў астатніх раёнах Мінскай вобласці, дзе і з’явяцца вось такія своеасаблівыя плантацыі з каштанамі, клёнамі і ясенямі. 

У выхадныя з’явілася ў Маладзечанскім раёне і яшчэ адна алея, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яе валанцёры высаджвалі разам з кіраўніцтвам Маладзечанскага раёна. 

Свой суботнік - ужо другі гэтай вясной - ладзілі і ў дзіцячым цэнтры "Расток". Кіраўнікі гурткоў і творчых аб’яднанняў наводзяць парадак у працоўных кабінетах і ля ўстановы адукацыі. Фронт работы тут вялізны - на тэрыторыі  амаль 1,5 гектара  безліч дрэў, дзясяткі клумб і малых архітэктурных форм. 

У дзіцячым цэнтры склалі свой план работы і на наступныя выхадныя. Педагогі дадатковай адукацыі абавязкова далучацца і да рэспубліканскага суботніка, які запланаваны на 20 красавіка.