Першыя камбайнёры-тысячнікі ўжо з'явіліся амаль ва ўсіх абласцях Беларусі

21 июля 2019

На гэтым тыдні надвор'е нарэшце дало зялёнае святло аграрыям. І як вынік - амаль ва ўсіх абласцях з'явіліся першыя камбайнёры-тысячнікі. У тэмпах уборкі ў лідарах Брэсцкі рэгіён. У некаторых гаспадарках убрана ўжо больш  за 70 % плошчаў. 

Ва ўраджайнасці лідзіруе Гродзенская вобласць. Там збіраюць у сярэднім больш за 40 цэнтнераў з гектара. Шмат працы зараз і на палях з гароднінай, і на ягадніках. Марыя Тройніч пра тое, якім будзе ўраджай-2019.

У гаспадарцы пра іх гавораць: "Усё ў сям'ю". Сяргей Багамолаў ужо з сямі раніцы ў полі. Кампанію яму складае жонка Алёна - галоўная памочніца і дома, і на працы. На ўборачнай муж і жонка працуюць разам ужо другі сезон. 

Алёна падбірае рэшткі і сочыць за працай тэхнікі. Сесці за руль камбайна муж пакуль не давярае. Але ў наступным годзе жанчына плануе атрымаць правы. 

Каб дапамагаць мужу, Алёна ўзяла водпуск на асноўнай працы. Гаворыць, ад гэтага сямейны бюджэт толькі выйграе. У пары трое дзяцей, заробленыя на ўборцы грошы выдаткуюць на падрыхтоўку да школы, яшчэ і на рамонт застанецца. Такіх сямейных экіпажаў на прадпрыемстве "Белавежскі" яшчэ два. 

У тэмпах уборачнай прадпрыемства "Белавежскі" першае ў раёне: тут ужо сабралі больш за 70 % збожжа. На палях задзейнічалі ўсю тэхніку і яшчэ арандавалі і ў суседніх арганізацый. А першага тысячніка ўшаноўвалі ў суседняй гаспадарцы - "Савушкіна пушча". Віншаванні, ганаровая грамата і прэмія проста на рабочым месцы - у полі. Урачыстая частка - і зноў за працу. Бо пакуль надвор'е дае зялёнае святло, трэба выкарыстоўваць кожную хвіліну.

Андрэй Росенік апярэдзіў свайго калегу ўсяго на некалькі гадзін. Запаветную першую тысячу ён прынёс краіне і Гродзенскаму рэгіёну. Сёлета механізатар выйшаў у палі 25 чэрвеня. Каб намалаціць свой першы рэкорд, камбайнёру спатрэбілася каля трох тыдняў. Праўда, асабістай заслугі перадавік у гэтым не бачыць. Гаворыць - дасягненне ўсяго калектыву. 

Упэўненае першынство ў тэмпах уборкі ўсё ж трымае Брэсцкая вобласць: тут сабралі ўжо чвэрць плошчаў збожжа. Працуюць на ягадных палях, палях з гароднінай,  збіраюць бульбу. 

Хуткаспелы гатунак сёлета рос у экстрэмальных умовах. Спачатку халодная вясна, потым  засушлівы чэрвень. Але тым не менш ураджай выдаўся добры. А вось буякам гарачае надвор'е падабаецца. Галоўнае - багаты кропельны паліў. 

Зараз у Беларусі - пік збору буякоў. На прадпрыемстве пад Брэстам працуюць з раніцы і да вечара.

За адзін дзень на прадпрыемстве збіраюць каля трохсот такіх скрынь. Вага кожнай - 4-5 кілаграмаў. На складзе такі тавар доўга не ляжыць. Ужо сёння свежыя буякі  патрапяць на прылаўкі магазінаў. 

Дзякуючы багатаму сонцу буякі паспелі буйныя. На некаторых кустах можна ўбачыць ягаду памерам з двухрублёвую манету.

Каб пакаштаваць свежыя буякі проста з палёў, у беларусаў ёсць яшчэ месяц. На чарзе - морква і бурак. Іх пачнуць збіраць у рэгіёне ўжо ў найбліжэйшыя дні.