Перавозіць мінчан і гасцей хакейнага форуму гатовыя новыя аўтобусы

24 апреля 2014
Сучасны магутны рухавік, кандыцыянер, аўдыягід і прылада для падзарадкі мабільнага… Перавозіць мінчан і гасцей хакейнага форуму гатовыя новыя аўтобусы павышанай камфортнасці. Яны ўжо на вуліцах сталіцы. Курсуюць па двух маршрутах - з Нацыянальнага аэрапорта да Цэнтральнага аўтавакзала і студэнцкай вёскі.

Адным з першых пасажыраў была Улада Карніцкая.
Васіль Рапавец вадзіцелем аўтобуса працуе ўжо больш за 30 гадоў. Гаворыць, увесь гэты час на працу, сапраўды, як на свята. Таму гальштук і кашуля абавязковыя. А літаральна напярэдадні прымерыў і новую форму, якую пашылі спецыяльна для вадзіцеляў да чэмпіянату свету па хакеі.
Ужо сёння Васіль Рапавец упершыню на маршрут выехаў на цалкам новым аўтобусе. МАЗ-107 з павышанай камфортнасцю, месцаў у ім на 12 больш, чым у яго папярэдніку. Апроч новых анатамічных сядзенняў, у салоне з'явіліся кандыцыянер, відэарэгістратар і аўдыягід. Плюс вадкакрысталічны манітор з пазнавальным фільмам аб нашай краіне і прылада для падзарадкі сотавых тэлефонаў. Усё гэта ўжо ў маі будзе ў распараджэнні і гасцей сусветнага першынства па хакеі.
Прыступак тут няма. Гэта спецыяльнае канструктарскае рашэнне, каб пасажыры змаглі хутка зайсці ў аўтобус. Таксама адсутнічае звыклае падпольнае багажнае аддзяленне. Свае чамаданы і торбы пасажыры могуць скласці на спецыяльныя паліцы прама ў салоне.
Новыя аўтобусы з'явяцца на экспрэс-маршруце 300э. Госці сталіцы змогуць на ім даехаць ад Нацыянальнага аэрапорта да Цэнтральнага аўтавакзала. Таксама на час сусветнага першынства па хакеі пачне курсіраваць яшчэ адзін, але ўжо часовы маршрут - 916э. На ім турысты ледзь больш чым за паўгадзіны змогуць дабрацца з аэрапорта да студэнцкай вёскі, дзе ўжо ў маі плануецца размясціць больш як 5 тысяч хакейных балельшчыкаў.
Як адзначаюць у Мінсктрансе, новыя аўтобусныя маршруты, якія злучаюць Нацыянальны аэрапорт са сталіцай, гэта яшчэ і транспартная мадэрнізацыя самога аэрапорта. Таксама ў будынку беларускага аэравакзала для выгоды гасцей ужо ўсталявалі чатыры спецыяльныя тэрміналы - набыць праязныя зараз не будзе цяжка.
Абнавіць плануюць і аўтапарк знакамітай соткі і адзінкі. Ужо 1 мая на гэтыя маршруты выйдуць каля паўсотні новенькіх аўтобусаў.