Перасякаць мяжу праз пункт пропуску "Лясная - Рудаўка" зараз можна на веласіпедах і пешшу

30 апреля 2017

На тыдні стала вядома аб новай турыстычнай магчымасці нашай краіны. Пункт пропуску "Лясная - Рудаўка" на беларуска-польскай мяжы пашырыў свой статус, і зараз, акрамя водных падарожжаў, тут перасякаць мяжу можна як пешшу, так і на веласіпедах.

Беларускія і замежныя турфірмы ўжо карэкціруюць свае маршруты, а тыя, хто аддае перавагу самастойна падарожнічаць, нават паспелі стварыць ажыятаж на сайце бязвізавага наведвання Аўгустоўскага канала. За пару дзён зарэгістраваліся больш як 2 тысячы чалавек. Варта адзначыць, што сам канал - адзін з галоўных пунктаў бязвізавай карты Гродзенскага рэгіёна. Аб тым, каб пашырыць гэтыя тэрыторыі на ўсю вобласць, ішла гутарка і падчас Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Якая эканамічная перспектыва стаіць за ўязным турызмам і чым прыцягвае замежных гасцей Аўгустоўскі канал - усе падрабязнасці ў Дзмітрыя Смірнова.

Яшчэ раней на гэтым тыдні перасячы мяжу ў пункце пропуску "Лясная - Рудаўка" можна было літаральна толькі на вёслах. Зараз статус на шлюзе "Кужынец" змяніўся, і прыняць турыстаў тут гатовыя і пешшу, і на веласіпедзе. Дарэчы, нават такое надвор'е - праліўны дождж - не збянтэжыла турыстаў.

Аднымі з першых абкатвалі новы фармат пункта пропуску разам старшыня Гродзенскага аблвыканкама і маршалак Падляскага ваяводства. Адразу пасля падпісання новай дарожнай карты аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве кіраўнікі рэгіёнаў селі на веласіпеды.

Новую "Лясную - Рудаўку" чакалі даўно і многія: і турагенцтвы, і самі турысты. Дарэчы, разам з пашырэннем фармату пропуску адмянілі і заявачны прынцып. З 28 красавіка па 1 кастрычніка 2017-га ужо не трэба будзе нікога папярэджваць - пагранічны кантроль будзе знаходзіцца ў пункце пропуску пастаянна з 8 да 8, а не так, як гэта было раней - выязджалі на месца толькі пры наяўнасці заяўкі ад групы.

Пункт пропуску больш чым у стогадовага шлюза "Кужынец" фактычна яшчэ да адкрыцця выклікаў ажыятаж. Сайт рэгістрацыі на бязвізавае наведванне пададзеныя заяўкі адзначаў сотнямі.

Турысты, якія ўязджаюць на бязвізавую тэрыторыю, дарэчы, лік замежных гасцей нядаўна перасягнуў адзнаку ў 10 000, гэта ў большасці суседзі. 30% - палякі. Астатнія з іншых краін Еўрасаюза, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі і Азіі.

Ежы Ляшчынскі, маршалак Падляскага ваяводства: "Мы ўжо афіцыйна пераехалі мяжу на веласіпедах - гэта вялікае спрашчэнне для турыстаў. І не толькі з Польшчы, але і з усяго астатняга Еўрапейскага саюза. Дзякуючы гэтаму, мяркую, будзе развівацца не толькі сам турыстычны рух. Гэта паслужыць сігналам для стварэння фірм у галіне. Такім чынам мы атрымаем эканамічнае развіццё паралельна ў двух рэгіёнах - Падляскім і Гродзенскім".

Эканоміка рэгіёна сапраўды заўважыла, што турызм - гэта ўкладанне выгаднае. Пракат веласіпедаў і байдарак, суправаджэнне тураў, адкрыццё хосталаў, нават меню персанал кафэ ў Гродне прапаноўвае на некалькіх мовах. Даведка: у 2016-м у Гродне толькі 15 фірм займаліся канкрэтна ўязным турызмам, зараз іх больш як 70.

Пашырэнне бязвізавага фармату ўжо ацанілі ўладальнікі турфірм і суседняй краіны. Але досвед калегаў недвухсэнсоўна дае зразумець - нават без мора і пляжаў турызм можа і павінен стаць значным артыкулам бюджэту. Летась тут сустрэлі больш як 100 000 турыстаў.

Польскія бізнесмены вельмі аптымістычна і нават рашуча настроеныя ўмацоўваць супрацоўніцтва з беларускім бокам. Гэта датычыцца як вялікіх праектаў, так і прыватных ініцыятыў. Але змест ва ўсіх агульны - адзіны турыстычны прадукт ствараць разам і больш танна, і больш выгадна.

Таму нядзіўна, што на сустрэчы ў Аўгустове размова, у тым ліку, ішла і аб стварэнні агульнага брэнда Аўгустоўскага канала, і аб стратэгіі прасоўвання адзінага турпрадукту ў Еўропу. "Гультаяваты турызм" больш не ў пашане - любоў да актыўных падарожжаў з вядомай доляй сэрвісу - вось, што прасоўваюць беларускія эксперты.

Новы турыстычны сезон яшчэ толькі стартуе. Але больш як 200 канцэртаў, фэстаў, спартыўных мерапрыемстваў, водных і веласіпедных маршрутаў - шматлікіх гэта прымушае перагледзець свае планы на водпуск. Дарэчы, гэта толькі на беларускім баку Аўгустоўскага канала. Яшчэ амаль столькі ж рыхтуюць палякі. Некалькі з самых буйных будуць праводзіцца адначасова ў дзвюх краінах.