Перапіс насельніцтва працягваецца у нашай краіне

26 октября 2019
На гэтым тыдні перапісчыкі адправіліся па адрасах рэспандэнтаў, якія не скарысталіся магчымасцю перапісацца анлайн, а таксама не адказалі на пытанні падчас работы мабільных груп і стацыянарных участкаў. Якія пытанні на планшэце ў перапісчыкаў? І ці паспеюць завітаць да кожнага? Адказы - у рэпартажы Марыны Раманоўскай. 

Сям’я Корбан на зіму заўсёды запасаецца вітамінамі з уласнага ўчастка. Збіраюць ураджай яблыкаў, вішні, маліны. Гаспадары на заслужаным адпачынку - часу хапае, каб вырошчваць бульбу, гародніну, разводзіць курэй. Перад прыходам перапісчыкаў не палеваналіся - падлічылі ўсе насаджэнні і жывёлін на падворку. 

Разам з гаспадарамі перапісчыкаў сустракае і кошка Марціна. Але падліку яна не падлягае. У анкеце пытанні пра сельскагаспадарчых жывёл, птушак, вуллі з пчоламі. У кожнага перапісчыка – ёсць пасведчанне і сумка з планшэтам. Так уносіць даныя больш зручна, чым ад рукі.

У маршруце перапісчыкаў адрасы толькі тых рэспандэнтаў, якія не скарысталіся магчымасцю перапісацца праз інтэрнэт, не адказалі на пытанні на стацыянарных участках ці падчас работы мабільных груп. Дарэчы, не чакаючы прыходу перапісчыкаў, ва ўсёй краіне на пытанні адказалі амаль пяць мільёнаў чалавек. 

Але і звыклы для многіх метад паквартэрнага абходу не страціў папулярнасці. Напрыклад, для людзей пажылога ўзросту – гэта самы аптымальны варыянт. Віктару Цярэшчанку 93 гады. Ветэран Вялікай Айчыннай любіць сустракацца з моладдзю, цікавіцца навінамі рэгіёна і краіны. Прыходу перапісчыка чакаў, упэўнены - паўдзельнічаць у кампаніі абавязкова павінен кожны. 

У Паўночным рэгіёне краіны больша за паўтары тысячы чалавек задзейнічаны ў перапісе насельніцтва. У кожнага перапісчыка - адпаведны пералік адрасоў. Акрамя таго, адказаць на пытанні можна і ў стацыянарных пунктах. Яны будуць адкрыты да 30 кастрычніка. 

У Віцебску і раёне перапісчыкі могуць ездзіць да рэспандэнтаў на маршрутных таксі бясплатна. Задача - задаць пытанні жыхарам нават самых аддаленых вёсак. Паспець трэба да заканчэння маштабнай кампаніі.