Пераменлівае надвор'е справакавала ДТЗ на дарогах Мінска і рэгіёна

10 августа 2021

Калі рух максімальна небяспечны. Пераменлівае надвор'е справакавала ДТЗ на дарогах сталіцы і рэгіёна. Усяго за мінулыя суткі  затрымана 6 вадзіцеляў, якія знаходзіліся за рулём у нецвярозым стане. А таксама 23 пешаходы. Шмат і тых, хто падчас руху страчвае ўважлівасць.

Так, сёння ў Першамайскім раёне Мінска пад колы аўто трапіла 46-гадовая жанчына. Вадзіцель Kia не заўважыла пешахода, якая  пераходзіла дарогу па нерэгулюемым пешаходным пераходзе на вуліцы Філімонава. З траўмамі рознай цяжкасці пацярпелая шпіталізавана. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.

ДАІ ўзмацніла кантроль

Каб пазбегнуць такіх нечаканых здарэнняў і зрабіць рух больш бяспечным, Дзяржаўтаінспекцыя ўзмацніла кантроль за вадзіцелямі і пешаходамі на сталічных дарогах. Сочаць у першую чаргу за выкананнем хуткаснага рэжыму, нагадваюць і пра ўважлівасць.

Напярэдадні навучальнага года асаблівая ўвага надаецца і юным пешаходам! Каб ліквідаваць для іх пагрозы на праезнай частцы, заўтра пачне дзейнічаць акцыя ДАІ "Беражыце дзяцей!". Адной з асноўных рызык з'яўляецца павелічэнне інтэнсіўнасці руху аўтатранспарту паблізу школ.