Перад "Дажынкамі" на палях Мінскай вобласці з'яўляюцца незвычайныя кампазіцыі

28 августа 2019

Жывёлы, героі мультфільмаў і нават персанажы папулярных тэлеперадач. Саламяныя фігуры гэтымі днямі можна ўбачыць уздоўж дарог. Кожны год перад "Дажынкамі" на палях вобласці з'яўляюцца незвычайныя кампазіцыі. Так, на шляху да Нясвіжа падарожнікаў сустракае вясёлая кампанія зуброў, а здымкі са скульптурай павука з Клецка  ўскалыхнулі сацыяльныя сеткі. Наталля Кузьміцкая ацаніла саламяны крэатыў.

У Стаўбцоўскім раёне гонар прыняць раённыя "Дажынкі" сёлета атрымаў аграгарадок Дзераўная. Уборачную паспяхова завяршылі. Аднак і сёння з раніцы ў палях. На змену работам агратэхнічным - работы творчыя. 

А на адным з палёў Клецкага раёна пасяліўся велізарны саламяны павук. Да свята збору ўраджаю яго ўсталявалі работнікі гаспадаркі "Кухчыцы". Крэатыў аграрыяў ацанілі і выпадковыя падарожнікі, і карыстальнікі сацсетак. Водзывы былі розныя. Саламяная шматножка, аўтарства Наталлі Цімавец, стала вядома не толькі за межамі вобласці, але і краіны. 

У суседняй гаспадарцы філіяла "Клецкі" да стварэння сваіх саламяных фігур падышлі не менш адказна. Тут і сапраўдны пчаліны гарадок, статак бурых на пашы і нават "Поле цудаў" з яго нязменным тэлевядучым у вясковых дэкарацыях.

Саламяныя фігуры на палях гэта яшчэ і сімвал добрага ўраджаю - сёлета сярод раёнаў Мінскай вобласці Клецкі адзін з лідараў. І такія фотаінсталяцыі ўзвялі амаль усе гаспадаркі. Каб паказаць, што аграрыі могуць гарантаваць не толькі хлеб, але і відовішча.