Пералік гранічных адпускных цэн на лекі будуць пераглядаць штогод

2 октября 2019

Міністэрства аховы здароўя пашырыць дзяржрэгуляванне цэн. Яно закране пералік асноўных лекавых сродкаў. Аб гэтым сёння заявіў профільны міністр Уладзімір Каранік у кулуарах Авальнай залы. Сёння тут адкрылася асенняя сесія.

На асобныя прэпараты сёлета  рэгуляванне цэн ужо ўведзена. Яно закранула кардыялагічны і анкалагічны профіль. Але гэтую практыку вырашана пашырыць. Кожны год пералік гранічных адпускных цэн будуць пераглядаць. "У перспектыве чакаецца, што ўсе асноўныя прэпараты ўвойдуць у гэты спіс", -падкрэсліў міністр. Але гэта праца будзе паэтапнай. Кіраўнік ведамства таксама запэўніў, што рэгуляванне цэн не адпужае пастаўшчыкоў прэпаратаў. Прынамсі, першыя крокі ў гэтым кірунку не прывялі да дэфіцыту асобных пазіцый лекаў на ўнутраным рынку.

Нагадаем, восеньская сесія стане заключнай для сёлетняга - шостага - склікання дэпутатаў. Стартавала выбарчая кампанія ў парламент. Беларусь ужо чакае прыбыцця назіральнікаў ад АБСЕ на  выбарах. Перадавая група прыедзе на наступным тыдні - 7 кастрычніка. Аб гэтым сёння паведаміла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына. Дакладная колькасць назіральнікаў пакуль не вядомая. Дакладнасці стане больш пасля прыезду першых прадстаўнікоў арганізацыі. У цэлым выбарчая кампанія праходзіць спакойна. Вынесеныя толькі асобныя папярэджанні за нязначныя парушэнні парламенцкай гонкі.

Нагадаем, выбары дэпутатаў пройдуць у Беларусі 17 лістапада, сенатараў прызначаць крыху раней - 7 лістапада.