Пенсіянер з Брэста здымае вулічных музыкантаў і атрымлівае неверагодную колькасць праглядаў на “Ютубе”

1 Чэрвеня 2019

Адзін яго аматарскі ролік убачылі 25 мільёнаў чалавек. Відэа настолькі папулярныя, што мужчына вырашыў стаць прафесійным блогерам. Марыя Тройніч пра незвычайнае захапленне. 

Гэты ролік убачылі больш за дваццаць пяць мільёнаў чалавек. На кадрах звычайны мінак вучыць студэнта са Шры-Ланкі іграць на гітары. Удалы момант трапіў у аб’ектыў камеры і прынёс аўтару відэа інтэрнэт-славу. 

Кішэнная камера і мабільны тэлефон. Такім няхітрым спосабам 62-гадовы пенсіянер Валерый Малянок здымае ролікі, якія становяцца хітамі Інтэрнэту. На іх - песні, танцы, флэшмобы і іншыя вулічныя імправізацыі Брэста. За тры гады на сваім ютуб-канале пенсіянер апублікаваў больш за тры тысячы відэа. Іх паглядзелі шэсцьдзясят пяць мільёнаў разоў. 

Паводле слоў мужчыны, некаторыя музыканты нават просяць, каб ён іх "раскруціў". Блогер стаў мясцовай папулярнасцю, і яго ўжо пазнаюць на вуліцы. 

Музыкантаў можна сустрэць на вуліцы Савецкай у любое надвор’е і час. Гукі гітары, акардэона ці скрыпкі чуваць з розных бакоў. Мясцовыя ўлады нават пабудавалі спецыяльную пляцоўку для такіх канцэртаў. За некалькі гадоў жывыя выступленні сталі  славутасцю горада. 

На відэапаляванне Валерый выходзіць кожны дзень – як на працу. Захапленне ўжо даўно перастала быць проста хобі. На рэкламе ў Інтэрнэце папулярны блогер зарабляе больш за тысячу рублёў за месяц. Але кажа, што грошы не галоўнае. Мэта блогера - праславіць родны горад. 

Сёння ў канала Валерыя Малянка звыш васьмідзесяці пяці тысяч падпісчыкаў. І да канца года ён чакае сярэбраную кнопку ад “Ютуба” – гэта ўзнагарода, якую даюць за сто тысяч падпісчыкаў. Паводле слоў пенсіянера, кантэнту для гэтай мэты будзе дастаткова: хутка тысячагоддзе Брэста, і горад чакае шмат вулічных канцэртаў.