Друкаваныя выданні павінны існаваць

14 января 2016

Друкаваныя выданні павінны існаваць у першую чаргу таму, што прымушаюць чытача думаць і аналізаваць. Такое меркаванне сёння ў Доме прэсы выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта нашай краіны Ігар Бузоўскі.

Тут сабраліся некалькі дзясяткаў пакаленняў журналістаў, выдаўцоў і нават аграрыяў, каб павіншаваць калектыў грамадска-палітычнага выдання Беларусі "Сельскую газету" з юбілеем. Першы яе нумар выйшаў у свет 95 гадоў назад - 15 студзеня 1921 года.

Амаль за векавую гісторыю ў выдання было больш за дзясятак галоўных рэдактараў і сем назваў. Яно выходзіла як "Белорусская деревня", "Калгаснік Беларусі", "Колхозная правда". Пры гэтым нязменнымі заставаліся задачы, мэтавая аўдыторыя і, вядома ж, традыцыі. Тыраж выдання сёння - 35 тысяч экзэмпляраў. На лістах А3 кожны можа прачытаць усё аб адраджэнні беларускай вёскі, дасягненнях у аграпрамысловым комплексе краіны і людзях, якія працуюць на зямлі.

Аб гэтым гаварылася і ў віншаванні Кіраўніка дзяржавы калектыву газеты, якое і перадаў Ігар Бузоўскі.

І тут жа сёння кожны змог убачыць першы нумар "Сельскай газеты", які ў свет выйшаў амаль стагоддзе назад. Праўда, толькі яго копію. Арыгінал захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў электронным выглядзе.