Патрыятычную эстафету ў Дзень Незалежнасці падхапілі ў Смалявіцкім і Лагойскім раёнах

3 июля 2019

Акцыя "Беларусь памятае. Памятаем кожнага" сёння шырока разгарнулася ў розных пунктах Мінскай вобласці. Сёння на працягу дня ў цэнтральным рэгіёне кветкі ўскладаюць да абеліскаў і помнікаў як у раённых цэнтрах і буйных гарадах, так і ў невялікіх вёсках і пасёлках. Патрыятычную эстафету ў Дзень Незалежнасці ў ліку першых падхапілі ў Смалявіцкім і Лагойскім раёнах. На Кургане Славы - знакавым месцы для ўсёй краіны - сёння сабраліся мясцовыя жыхары, каб ушанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У Хатыні сёння таксама шмат людзей з кветкамі. 

Наш карэспандэнт Надзея Сербіненка сёння пабывала ў мемарыяле.

У мемарыяльным комплексе "Хатынь" сёння шматлюдна. Дэлегацыі з розных абласцей, ад працоўных калектываў, школьнікі, студэнты, спартсмены прыязджаюць сюды, каб ускласці кветкі да Вечнага агню і ўспомніць тыя падзеі, пра якія нельга забываць.

Нават дробны дождж і халаднаватае для ліпеня надвор'е не змаглі змяніць планы тых, хто ў свой выхадны дзень вырашыў аддаць даніну памяці загінуўшым у гады вайны героям. Беларуская вёска, якую нельга знайсці ні на адной геаграфічнай карце, сёння не забытая. Хатынь была знішчаная ўвесну 43-га. Праз два дні мемарыяльнаму комплексу споўніцца паўстагоддзя. Але боль ад страты жывы і праз столькі гадоў. 

Жывыя кветкі да манумента сёння прыносілі дзеці і падлеткі. У кагосьці з іх у баях загінулі прадзеды, прабабулі, і гісторыю сваёй сям'і яны не забываюць.

Разам з дзецьмі з мясцовых школ у мемарыял прыехалі і маладыя актывісты расійскага патрыятычнага руху з Растова-на-Доне.

Да Кургана Славы сёння прыязджаюць усё новыя дэлегацыі з кветкамі. Манумент для Мінскай вобласці знакавы. Менавіта ў гэтых месцах у ліпені 1944 года праводзілася аперацыя "Баграціён". У акружэнне патрапіла 150-тысячная групоўка фашысцкіх войскаў. Пазней гэтая падзея атрымала назву "Мінскі кацёл". Разгром нямецкай арміі тут стаў яшчэ адным важным крокам на шляху да вызвалення Беларусі. 

Мерапрыемствы  акцыі "Беларусь памятае. Памятаем кожнага" будуць праходзіць на працягу дня. Калі гаварыць пра Мінскую вобласць, то добрым завяршэннем Дня Незалежнасці стане вялікі канцэрт, які сёлета пройдзе ў Нясвіжы.