Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл узначаліць галоўную літургію

3 июня 2013

Беларусь рыхтуецца да святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі. У асноўных урачыстасцях прыме ўдзел Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Плануецца, што ён узначаліць галоўную літургію, якая запланавана на канец ліпеня. А ўжо на гэтым тыдні беларуская сталіца будзе прымаць навукоўцаў з Расіі, Украіны, Польшчы і Германіі. Міжнародная канферэнцыя ўзніме як духоўныя, так і культуралагічныя аспекты Хрышчэння Русі.


Расказвае Аксана Шыдлоўская.


У гэтай велічнай зале Усіхсвяцкага сабора ў Мінску журналістаў сустракаюць упершыню. Адпаведны антураж дадае яшчэ большай урачыстасці і без таго значнай падзеі - 1025-годдзе Хрышчэння Русі. Менавіта Беларусі выпаў гонар распачынаць і завяршаць усе святкаванні, што будуць праходзіць і ў Расіі, і ва Украіне.


Анатоль Тозік, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: Гэта свайго роду прызнанне вялікай ролі нашай краіны ў захаванні духоўнасці, культуры. Мы шмат ужо зрабілі, каб забяспечыць гэтыя мерапрыемствы. Гэта для нас вельмі значна.


Міжнародная канферэнцыя, якая пройдзе 6 і 7 чэрвеня ў Нацыянальнай акадэміі навук, Доме міласэрнасці і Нацыянальнай бібліятэцы, аб'яднае каля паўсотні навукоўцаў Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Германіі. Форум узніме не толькі духоўныя, а і культуралагічныя аспекты Хрышчэння Русі.


Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі: У Беларусі пасля прыняцця Хрышчэння ў значнай ступені актывізавалася развіццё мовы, літаратуры, жывапісу, культуры, будаўніцтва храмаў. Гэта быў штуршок у развіцці духоўнага і культурнага жыцця нашай краіны.


Апошняя чвэрць стагоддзя з 1025-гадовай гісторыі - самая знакавая і важная ў станаўленні духоўнасці нашай краіны. Менавіта гэтыя гады па праве называюць эпохай адраджэння веры.


Протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода г. Мінска: Апошнія 25 гадоў далі такі ўсплёск духоўнага адраджэння, храмабудаўніцтва і самых розных формаў духоўнага жыцця, што гэтыя 25 гадоў па сваім маштабе і аб'ёме больш шырокія і глыбокія, чым уся тысячагадовая гісторыя.


У Мінску ва ўрачыстасцях прымуць удзел кіраўнікі памесных праваслаўных цэркваў, прадстаўнікі духавенства, у тым ліку і каталіцкія іерархі. У нашай краіне гэта стала ўжо добрай традыцыяй - міжканфесіянальнае супрацоўніцтва, у тым ліку і прадстаўнікоў астатніх 24 канфесій, што пражываюць у Беларусі.


Асноўныя ўрачыстасці з нагоды 1025-годдзя Хрышчэння Русі пасля Масквы і Кіева завершацца ў Мінску. 29 ліпеня на пляцоўцы паміж Свята-Духавым кафедральным саборам і праспектам Пераможцаў пройдзе галоўная літургія, якую ўзначаліць Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.