Пасажыры цягніка Мінск - Вільнюс упершыню прайшлі пашпартны кантроль на вакзале

12 апреля 2017

На гадзіну хутчэй. Сёння ў рамках эксперымента 97 пасажыраў цягніка Мінск-Вільнюс упершыню прайшлі пашпартны кантроль на мінскім чыгуначным вакзале. Звычайна састаў спыняўся на станцыі Гудагай, дзе і ажыццяўлялася мытнае і пагранічнае афармленне. На тэрыторыі вакзала новы пункт пропуску "Мінск-Пасажырскі" плануюць адкрыць да канца 2017 года.

Анатоль Лапо, старшыня Дзяржаўнага пагранкамітэта Беларусі: "Гэты цягнік няспынны. Грамадзяне РБ і замежныя грамадзяне, якія хочуць трапіць у Вільнюс прамым цягніком, сёння аформлены. Цягнік пройдзе практычна ад Мінска да Вільнюса без прыпынкаў. Эканомія шляху руху - гэта гадзіна. Без лішніх прыпынкаў, без лішняга пагранкантролю. Што гэта дасць? Гэта дасць зручнасць грамадзянам, якія перасякаюць нашу мяжу".

І сёння Інстытут пагранічнай службы падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з Акадэміяй навук, у прыватнасці, з Інстытутам сацыялогіі. Развіццё двухбаковага партнёрства па правядзенні патрыятычных, навукова-даследчых і навучальных мерапрыемстваў дазволіць рыхтаваць прафесійных абаронцаў беларускіх меж.