Пасажырскі транспарт новага пакалення - на мінскіх вуліцах

7 сентября 2016

Ужо ў снежні пачнуць курсіраваць новыя бескантактныя электробусы. Афіцыйная прэзентацыя адбылася сёння на прадпрыемстве «Белкамунмаш».

Распрацоўкай зацікавіліся абласныя цэнтры краіны і расійскія гарады. Якія ж бонусы атрымаюць пасажыры ад экалагічна чыстага транспарту - тэст-драйв правёў Аляксей Кандраценка.

Ёсць кантакт! Стандартны заклік да працы для яго не аргумент. Бо рух без прывязкі да кантактнай электрасеткі - галоўная асаблівасць такога транспарту. У электробуса «Вітаўт Электра» замест звыклых рагатых токапрыёмнікаў – спецыяльны паўпантограф для падзарадкі.

Працуе электробус у тандэме з праектам «Код горада». Сумешчаныя падзарадка і інтэрактыўны прыпыначны пункт - распрацоўка беларускай кампаніі.

Яшчэ адзін «Вітаўт», але ўжо «Макс Электра» - больш ёмістая мадэль. Такі электробус разлічаны на 150 пасажыраў. Менавіта ён выйдзе на вуліцы Мінска.

У новым электробусе адразу прыцягвае ўвагу яркі дызайн і прасторны салон. Акрамя таго, кандыцыянер, інфармацыйная сістэма, відэаназіранне плюс падзарадка любога гаджэта. У тым, што менавіта ў такога інавацыйнага транспарту вялікая перспектыва,- упэўнена кіраўніцтва Мінска і краіны.

Не забыліся і пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для такіх пасажыраў таксама прадуманы прыстасаванні. Дарэчы, такая мадэль ужо станоўча сябе зарэкамендавала на тэст-драйве ў Маскве.

Ужо хутка сталічныя машынабудаўнікі прэзентуюць «Вітаўт Макс Электра» і на выставе транспартнікаў у Берліне. Сваё ж месца на мінскіх вуліцах электробусы зоймуць у снежні. Калі тэставая эксплуатацыя сябе апраўдае, у наступным годзе іх стане ў 10 разоў больш.