"Пашпарт аб'екта". Форма

28 января 2019

Да старту ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску засталося 155 дзён. А тэлеаўдыторыя

ІІ Еўрапейскіх гульняў   можа перавысіць паўмільярда. Такая лічба агучаная на пасяджэнні Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у Лазане. Хатні вяшчальнік ІІ Еўрапейскіх гульняў пацвердзіў інфармацыю, што ўжо дасягнута пагадненне з кампаніямі, шматлікія з якіх з'яўляюцца вядучымі ў Еўропе, аб трансляцыі Гульняў на 106-ці тэрыторыях. Мяркуецца, што тэлеаўдыторыя перавысіць 500 млн гледачоў у 120 краінах.

Ці варта гаварыць, якая вялікая адказнасць і якую пільную ўвагу арганізатары надаюць усім дэталям мультыспартыўнага форуму. Асобны акцэнт - на экіпіроўцы. Усе вобразы даўно зацверджаныя. Яны яркія і прыгожыя. Форма звязаная са стылістыкай ІІ Еўрапейскіх гульняў. Гэта датычыцца не толькі параднай і спартыўнай экіпіроўкі беларускіх атлетаў, але і адзення для валанцёраў, удзельнікаў эстафеты "Полымя міру" і ўбору ўзнагароднай групы. Спецыяльны праект Агенцтва тэленавін "Пашпарт аб'екта: Форма". Ужо зараз.

Расказвае Крысціна Камыш. 

Паводле рэйтынгаў цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў выклікаюць у тэлегледача не меншую цікавасць, чым сама барацьба за медалі. На гэтых урачыстасцях спорт саступае месца модзе. Таму дызайнеры старанна працуюць, каб у кожнай зборнай быў непаўторны вобраз. 

Ідэя стварэння адзінай формы для кожнай каманды ўпершыню была ўвасобленая на летняй Алімпіядзе ў Берліне ў 1936 годзе. 

З тых часоў вырабам касцюмаў для атлетаў займаліся знакамітыя куцюр’е, пачынаючы ад Како Шанэль, Іў Сен-Ларана і П'ера Кардэна. 

А пасля цырымоніі адкрыцця заўсёды складаецца рэйтынг лепшых вобразаў нацыянальных зборных. Прыемна, што беларусы трапляюць у спісы самых стыльных. 

Так на летняй Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра наша каманда ўвайшла ў топ-15 паводле звестак газеты USA Today. Зараз жа ўсе касцюмы да ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску падрыхтуюць у Беларусі.

Па адзежцы сустракаюць, па розуме праводзяць. Гэтая прымаўка вядомая кожнаму. Але ў чэрвені наступнага года яе можна будзе трохі змяніць. Праводзіць ІІ Еўрапейскія гульні будуць па выніках. Як прыме Мінск мультыспартыўны форум? Ці ўсяго хопіць гасцям сталіцы? Першымі, каго ўбачаць замежнікі, будуць валанцёры. У аэрапорце і на вакзалах іх сустракаць памочнікі ІІ Еўрапейскіх гульняў будуць вось у такой форме. У яе аснове ўзяты стылізаваны сюжэт "Дрэва жыцця", у якім знайшлі адлюстраванне беларуская выцінанка і сімвалы відаў спорту. 

Акрамя добраахвотніцкай формы ў калекцыю "Дрэва жыцця" ўваходзяць тры розныя камплекты ўдзельнікаў эстафеты "Полымя міру", якая стартуе ўжо ў маі. Белая форма для факеланосцаў, шэрая - для захавальнікаў агню. Бела-шэрая - для валанцёраў полымя. Гэтыя вобразы распрацоўвала Юлія Латушкіна. 

Валошкавы колер і спадніца, якая струіцца. Так выглядае касцюм узнагароднай групы. У ім прыгажуні будуць уручаць медалі пераможцам. Дзяўчыны ўпрыгожаць галовы вянкамі з кветак. Гэта адсыл да народнага свята Купалля. 

Для жанчын светла-сіні касцюм, для мужчын - сіні пінжак і шэрыя штаны. Менавіта ў такой колеравай гаме будзе прадстаўлена парадна-грамадзянскае адзенне беларускіх спартсменаў. 

Вырабы выкананыя з сучаснай ваўнянай тканіны. А вырабляць будуць прадпрыемствы Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Таксама дапаможа канцэрн "Беллёгпрам". Усяго будуць задзейнічаныя 6 аб'ектаў. Напрыклад, кашулі і блузы пашыюць у Дзяржынску. Абутак - у Віцебску.

А вось спартыўную форму вырабяць у Брэсцкай вобласці. Прыватнае прадпрыемства "Сола-Пінск" ужо мае вопыт стварэння адзення для нашых атлетаў. Кампанія адзявае ўсе беларускія каманды - ад тэніснай да батутнай. 

У гэтым памяшканні аддрукуюць малюнкі для формы ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія пасля прэсам перанясуць на тканіну. Працаваць будуць 3 прынтары. У сукупнасці за месяц на іх будзе выраблена да 10 тысяч метраў квадратных спецыяльнай паперы. На гэта сыдзе 40 літраў чарнілаў. 

Гатовае размаляванае палатно паступае ў рукі канструктару. Пасля раскрою з тканінай працуе спецыяліст, які цалкам адшывае выраб. Над формай будуць працаваць усе швачкі прадпрыемства - каля двухсот чалавек. 

Папярэднія тэрміны вырабу ўсяго адзення да ІІ Еўрапейскіх гульняў - сакавік-красавік. Усяго будзе пашыта парадку 10-ці тысяч камплектаў. Вялікую лінейку брэндаванага адзення рыхтуюць спецыяльна і для балельшчыкаў.