Пашпарт, які дае ўладальніку бонусы і скідкі

5 февраля 2016

Пашпарт, які не сведчыць асобу, а дае ўладальніку бонусы і скідкі. Спецыяльны дакумент сёлета з'явіцца ў гасцей Валожынскага раёна. Зараз спецыялісты працуюць над каталогам крэатыўных прадуктаў, каб турыстам было прасцей скласці маршрут для падарожжаў. І прычым чакаюць новых ідэй. На рэалізацыю самых цікавых нават выдаткуюць фінансы. Першыя прапановы ўжо ёсць - напрыклад, адкрыць тут шкляную майстэрню і ладзіць экскурсіі па кветкавых цяпліцах. Аляксандра Драгун склала рэйтынг крэатыўных месцаў Валожынскага раёна.

У топцы замест дроў – скрыня для фарбаў і пэндзляў, а сцены і столь замяняюць мальберт. Такі адметны інтэр'ер мае дом-музей у Івянцы, дзе жыў і працаваў майстар на ўсе рукі Апалінарый Пупко.

Здаецца, няма і сантыметра, да якога б не дакрануўся пэндзаль мастака - сцены, дзверы, столь – распісаныя. Раней нават падлога была нібы намаляванае палатно. Адмысловы выгляд пакоям народны ўмелец надаў яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. Зараз яго дачка праводзіць экскурсіі па доме-музеі, у якім прайшло яе дзяцінства.

Знаёмства з рамёствамі продкаў, камфортны адпачынак на прыродзе і насычаная турыстычная праграма... Вось тое, што прываблівае гасцей у Валожынскі раён з усёй Беларусі і з-за мяжы. У Івянцы, напрыклад, заахвочваюць правесці з нацыянальным каларытам не толькі выхадныя – вяселле. Для маладых ладзяць абрады і гульні ў ткацкай майстэрні.

Акрамя гэтага, у музеі традыцыйнай культуры распрацавалі некалькі турыстычных напрамкаў, якімі летась скарысталіся больш за 17 тысяч гасцей.

Больш як 30 аграсядзіб, экамузеі, падарожжы на байдарках, мастацкія галерэі і майстэрні, дзе працуюць народныя ўмельцы. Валожынскі раён стаў асабліва прывабным для турыстаў. Таму менавіта яго патэнцыял прапануюць «дашліфаваць», аб'яднаць агульнай ідэяй і распрацаваць асабісты сцэнарый далейшага развіцця.

Смелыя і арыгінальныя ініцыятывы тут падтрымаюць. На рэалізацыю самых паспяховых выдаткуюць звыш 350 мільёнаў рублёў. Дарэчы, ёсць і першыя прапановы... Напрыклад, адкрыць шкляную майстэрню і ладзіць экскурсіі па кветкавых аранжарэях. А для гасцей падрыхтуюць «пашпарт турыста».

Бясцэнны здабытак раёна – Налібоцкая пушча. Праз самы вялікі лясны масіў краіны праклалі першую ў Беларусі зялёную трасу для веласіпедыстаў. Расцягнулася яна на 150 кіламетраў. Каб вандроўнікі не збіліся з маршруту, уздоўж дарогі ўсталявалі паказальнікі. Уладкавалі і месцы для адпачынку.