Парламенты Беларусі і Індыі рэалізуюць сумесны праект у адукацыі

11 июня 2018

Сёння пра гэта паведаміла спікер ніжняй палаты парламента Індыі Сумітра Махаджан пасля перамоў са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Беларускую моладзь запрашаюць удзельнічаць у даследчых работах у галіне права. Індыйскія студэнты ўжо тры гады ўдасканальваюць свае веды ў гэтай сферы. Вывучаюць парламенцкія структуры і традыцыі, змест канстытуцый розных краін. З гэтай мэтай запрашаюць да сябе і беларусаў.

Спікеры адзначылі, што бакі нацэленыя на дасягненне новага ўзроўню двухбаковага супрацоўніцтва. Уладзімір Андрэйчанка, у прыватнасці, звярнуў увагу, што Індыя - адзін з ключавых партнёраў Беларусі ў Паўднёвай Азіі. У 2017 годзе тавараабарот паміж краінамі дасягнуў $ 455 млн.

Сумітра Махаджан, спікер лок сабхі (ніжняй палаты) парламента Індыі:

"Індыя ўпершыню запрашае замежных студэнтаў на такое навучанне. Тое, што такой магчымасцю змогуць скарыстацца менавіта беларусы, - яркі доказ моцы двухбаковага супрацоўніцтва. Спадзяюся, маладыя людзі, якіх накіруе на навучанне беларускі парламент, значна ўдасканаляць свае веды ў галіне заканадаўства і права".

Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі:

"Па многіх пазіцыях падыходы ў плане інавацыйнага развіцця супадаюць. Гэта першым чынам праекты ў галіне электронікі, лічбавай эканомікі, нанатэхналогій, біятэхналогій. Гэта супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культуры. Я думаю, што сумеснымі высілкамі мы зможам рэалізаваць праекты, якія будуць выгадныя і для Індыі, і для Беларусі".

Дэлегацыя парламента Індыі наведала таксама Савет Рэспублікі. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што нашым краінам можна стварыць магутны гандлёва-лагістычны і прамысловы кластар з удзелам беларускага нацыянальнага аператара ў галіне мытнай і складской лагістыкі ў Аршанскім раёне. Індыйскія бізнесмены ўжо выявілі да яго цікавасць.