Найбуйнейшы парк захоўвання нафты ў Беларусі мадэрнізуюць

26 августа 2019

Найбуйнейшы ў Беларусі парк захоўвання нафты ў рэжыме маштабнай перазагрузкі. Курс мадэрнізацыі - на сусветныя стандарты якасці і экалагічнай бяспекі. На поўдні краіны зараз узводзяць новыя рэзервуары для захоўвання чорнага золата. Іх накрыюць асаблівымі алюмініевымі канструкцыямі з плавальным пантонам. Завершаць працы ў найбліжэйшыя пару гадоў. 

Андрэй Вярыга,  першы намеснік гендырэктара - галоўны інжынер ААТ "Гомельтранснафта Дружба": "Што гэта дае сёння прадпрыемству? Гэта дае ў першую чаргу эфектыўнасць - эфектыўнасць захоўвання нафты, эфектыўнасць аперацый з нафтай. І рэзервуары, пабудаваныя па гэтай тэхналогіі, у 10 разоў менш выпараюць нафту ў навакольнае асяроддзе. Гэта, акрамя эканомікі, яшчэ і экалогія". 

Адначасова ідзе абнаўленне старых рэзервуараў і трубаправода. Толькі сёлета замянілі амаль паўсотні кіламетраў нафтавых артэрый. Частка з іх праходзіць каля водных аб'ектаў і сельгасугоддзяў. Новае абсталяванне дазволіць звесці да мінімуму тэхнагенныя надзвычайныя здарэнні.