Хлопец з Мазыра ўзвёў экатэхналагічную хатку хобіта

12 марта 2018

Экатэхналогіі сёння ў прыярытэце ў многіх краінах Еўропы. І гэта зразумела, напрыклад, у экабудаўніцтве сярод плюсаў - мінімальныя расходы, кароткія тэрміны ўзвядзення і нулявы ўрон прыродзе. Ідэі экабудаўніцтва развіваюць і ў Беларусі. Ёсць нават асобныя энтузіясты, якія гатовыя і будаваць, і жыць у экадамах. Так, хлопец з Мазыра ўзвёў у глухой вёсцы супербюджэтны дом з саломы і гліны і стаў папулярным відэаблогерам. У перспектыве плануе знайсці аднадумцаў і заснаваць цэлую вёску хобітаў для экатурызму. У гасцях у гаспадара незвычайнага дома пабывала Ганна Кавалёва.

Яўген Раеўскі сустракае ля парога. Яго дом прысадзісты, без кутоў і з круглымі акенцамі. На звычайную вясковую хату не падобны. Выглядае, хутчэй, як хатка хобіта. Узвёў яго сваімі рукамі па экатэхналогіях.

Гэтыя сцены таўшчынёй амаль паўметра. Унутры іх - гліна, салома і бярвенне. Фундамента пад імі няма. Збудаваныя прама на зямлі. І за 5 гадоў гэта канструкцыя не дала ніводнай расколіны.

Плошча дома 42 квадратныя метры. Крыніца цяпла - печ складанай канструкцыі. Адной пратопкі на дзень досыць, каб было да плюс 25. У такіх умовах Яўген перажыў зіму. 10-тонны земляны дах з лёгкасцю вытрымаў завеі і снегапады. Рызыкі абвалу няма - кроква мае асаблівае мацаванне: вага даху размяркоўваецца раўнамерна. Праект Яўген намаляваў сам.

Пачалося ўсё 8 гадоў таму. Увасобіць ідэю дапамагла будаўнічая адукацыя. Хоць многія экатэхналогіі асвойваў ужо самастойна. Месца прапіскі дома хобіта - амаль за 400 кіламетраў ад сталіцы ў Лельчыцкім раёне. Мабільная сувязь тут не ловіць. У вёсцы жыве шэсць чалавек, у асноўным старыя. Маладому суседу тут рады - заўсёды ёсць да каго звярнуцца па дапамогу.

З першага дня будаўніцтва Яўген завёў блог. Зараз у падпісантах - 13 тысяч чалавек: Расія, Украіна, Беларусь, амаль усе краіны СНД і Еўропа. Сярод фанатаў немцы. Там экатэхналогіі ў прыярытэце. Гаспадар дома хобітаў стаў вядомы. Усё часцей атрымлівае запрашэнні на замежныя фестывалі і будоўлі. Ужо пабываў у Малдове і Грэцыі. За неардынарным хобі стаіць вялікая бізнес-ідэя: стварыць цэлую вёску хобітаў з усімі выгодамі, куды ўсе ахвочыя маглі б прыехаць і адпачыць.