Панская сядзіба ў Клецкім раёне прыходзіць у заняпад

17 октября 2016

Ёсць яшчэ мясціны, куды сучасныя тэхналогіі так і не дайшлі, дзе мараць аб простых выгодах. Такая сітуацыя склалася ў вёсцы Клецкага раёна. Панская сядзіба, якая з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, паступова прыходзіць у заняпад. Мясцовыя жыхары, якім ужо даўно за 80, спрабуюць хоць неяк захаваць спадчына беларускіх магнатаў, а заадно і сагрэцца ўзімку. Дапамагчы разабрацца ў праблеме адправілася наша здымачная група. З падрабязнасцямі Аляксандр Харавец.

Адальфіна Карчэўская жыве ў панскай сядзібе. Маёнтку ў вёсцы Янавічы (Яновічы) каля 300 гадоў. У доме пастаянная волкасць, з вокнаў дзьме, а сцены вось-вось разваляцца. На зіму бабуля перабіраецца ў Клецк да ўнучкі ў інтэрнат.

Ірына Папко ў панскіх палатах жыве больш чым паўстагоддзя. Сёння 80-гадовая пенсіянерка ледзь ходзіць і амаль не бачыць. Ёй дапамагае дачка. Для таго каб сагрэцца, печ даводзіцца тапіць некалькі гадзін.

89-гадовая Ніна Лабко і зусім на вуліцу не выходзіць. Гаворыць, яе даглядае суседка. Дзеці раз'ехаліся. З'яўляюцца ў госці нячаста.

З сацыяльных выгод у бабуль электрычнасць і балоны з газам, якія рэгулярна мяняюць.

Для таго каб набраць вады, пажылым жанчынам неабходна пераадолець адлегласць метраў сто. Гэты шлях яны праходзяць у лепшым выпадку хвілін за 20. Аднак калонка, па словах бабуль, часта прамярзае і яны застаюцца без вады.

Сёння старажытная сядзіба знаходзіцца на балансе мясцовага СВК. Па словах дырэктара, дом у аварыйным стане. Але запаснога жылфонду ў прадпрыемства няма. Два гады таму ў сядзібе толькі замянілі дах.

І пакуль мясцовыя ўлады шукаюць прыдатны варыянт, будынак са статусам "гісторыка-культурная каштоўнасць" паступова разбураецца. А бабулі, якія перажылі Вялікую Айчынную, голад і разруху, па звычцы сядзяць на лавачцы і спрабуюць сагрэцца ў промнях кастрычніцкага сонца.