Памятныя пярсцёнкі ўручылі SOS-матулям

27 августа 2013

Сёння ў дзіцячай SOS-вёсцы ў Мар'інай Горцы супрацоўніцам ўручалі незвычайныя ўзнагароды. Упрыгажэнне атрымалі дзевяць мам, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей ўжо 10 гадоў.



Наталля Кезік убачыла, як самі дзеці павіншавалі сваіх матуль.


Сваіх хлопчыкаў збірала на свята з хваляваннем. Ведала, што на сцэне сёння будуць усёй сям'ёй. Дзеці ў якасці выступоўцаў, а матуля за ганаровага госця. Ёй сёння ўручаюць памятны пярсцёнак міжнароднага ўзроўню.


Працаваць SOS-мамай пачала дзесяць гадоў таму. Разам з дачкой пераехала ў SOS-вёску, што ў Мар'інай Горцы. Зараз у сям'і шэсць хлопчыкаў і адна дзяўчынка. Сёлета сям'я крыху паменшылася - двое дзяцей збіраюцца на вучобу ў каледжы.


У сям'і мама праводзіць з дзецьмі круглыя суткі. Рыхтуе ім сняданкі, абеды і вячэры. Сустракае са школы і дапамагае рабіць ўрокі. Разам з мамай у прыёмнай сям'і жывуць і родныя дзеці. Усе матулі ў SOS-вёсцы больш нідзе не працуюць. Ды і часу на адпачынак часам не застаецца.


У SOS-вёсцы, што ў Мар'інай Горцы, зараз у сем'ях жывуць 90 дзяцей. На трынаццаці гектарах зямлі пабудавана паўтара дзясятка ўтульных і вялікіх дамоў. Яны з'явіліся тут роўна дзесяць гадоў таму. А ля вытокаў SOS-матулі выхоўвалі прыёмных дзяцей на здымных кватэрах.


Такія ўрачыстасці штогод праходзяць ва ўсіх краінах свету. У цэнтральным рэгіёне ганаровыя пярсцёнкі сёння атрымалі дзевяць мам. Але гэта невялікае ўпрыгажэнне мае для іх свой асаблівы кошт - права кожны дзень у сваім доме чуць чароўнае слова мама. Хорам - як мінімум у сем галасоў.