Памятныя мерапрыемствы праходзяць сёння па ўсёй Беларусі

26 апреля 2017

З раніцы ў Мінску адбыўся мітынг ля мемарыяльнай дошкі герою Васілю Ігнаценку. Ушанаваць памяць калегі, сябра прыйшлі ліквідатары катастрофы, работнікі МНС і юныя пажарныя. Першы і самы цяжкі ўдар радыяцыі прынялі на сябе персанал станцыі і ратавальнікі, якіх яшчэ называюць "шарэнгай нумар адзін". За мужнасць і самаахвярнасць пажарны Васіль Ігнаценка пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Васіль Ігнаценка прыйшоў у пажарную часць па ахове Чарнобыльскай АЭС у пачатку 80-х. У свае 25 гадоў ён быў ужо камандзірам аддзялення. А 26 красавіка ў 2 гадзіны ночы беларус апынуўся сярод тых, хто першымі падышлі да разбуранага выбухам атамнага рэактара. У Мінску імем Васіля Ігнаценкі названа вуліца. На радзіме героя ў Брагіне адважнаму ратавальніку ўстаноўлены помнік.