Помнікі гародніне і садавіне

18 июня 2015

Дачны сезон пачаўся. У самых паўднёвых рэгіёнах Беларусі ўжо збіраюць ураджай суніц, радыскі, агуркоў. Прычым у кожным рэгіёне ёсць свая папулярная культура. У Лунінцы гэта клубніцы, у Талачынскім раёне - бульба. На гэтай гародніне і садавіне беларусы зарабляюць грошы. І, аддаючы даніну павагі дарам прыроды, ставяць ім помнікі. Вольга Маслоўская сабрала калекцыю фруктова-ягадных скульптур Беларусі.

Галіна Перапечка - прызнаны ў раёне садавод-аматар. У ліпені вішню здымае кілаграмамі. Кампоты, варэнне, наліўкі. Усю зіму дома сапраўдная вішнёвая раскоша.

Вось і яна - любімая ягада жыхароў Глыбокага. Помнік вішні адкрылі два гады таму ў дні правядзення фестывалю. Зноў жа вішнёвага.

Cкульптура "Сікораўскі яблык" сустракае наведвальнікаў у музеі вядомага беларускага селекцыянера-самавука Івана Сікоры. У мясцовым садзе што ні дрэва, то музейны экспанат. Сікора - аўтар пяцісот гатункаў яблыкаў, каля сотні груш, шматлікіх форм і відаў сліў, руж. Выведзены ім махрысты бэз упрыгожваў кветнік пісьменніка-натураліста Міхаіла Прышвіна.

Не яблыкам разладу, а сімвалам сямейнага дабрабыту лічаць гэтую скульптуру мясцовыя жыхары. На Спас тут гуляюць яблыневыя вяселлі, гасцей цешаць яблычнымі забавамі, а запаветныя мары выконвае яблыня жаданняў.

А вось пра багацце і грашовы дастатак варта прасіць у помніка агурку ў Шклове. Вось ён - з кошыкам і пачкам грошай. Усталяваны насупраць рынку. Перакананыя ў яго магічнай сіле гандляры да бляску адшліфавалі кош.

Тут у кожным двары - цяпліца. Пра мясцовыя агуркі згадваецца ў Баркулабаўскім летапісе. Смак шклоўскіх маласольных ведаюць нават у Парыжы. Яшчэ ў XVIII стагоддзі граф Зорыч у бочках пастаўляў агуркі са Шклова ў Францыю і да двара Кацярыны II.

У Кемерава - скульптура капусты, у Адэсе - апельсіна, у Херсоне сельскагаспадарчай зоркай з'яўляецца кавун. Усяго па свеце вітамінавых помнікаў набярэцца некалькі дзясяткаў. Усё таму, што нават у стагоддзе высокіх тэхналогій не абысціся без такіх важных прадуктаў з градкі.