"Памяць сэрца". Эстафету патрыятычнага праекта прынялі беларускія студатрады

18 декабря 2020

Ці маглі мы сабе ўявіць, што страшныя рэчы, якія адбываліся на нашай зямлі 75 гадоў таму, могуць паўтарыцца? Што мы зноў убачым калабарацыянісцкія флагі, пачуем заклікі падзяліць народ на сваіх і чужых. І што хтосьці з нас, беларусаў, зможа паверыць у гэта і пайсці за гэтым.

Менавіта таму так важна сёння памятаць гісторыю, ведаць сваіх сапраўдных герояў і паважаць памяць тых, хто абараніў нашу зямлю.

Сёння эстафету патрыятычнага праекта "Памяць сэрца" прынялі беларускія студэнцкія атрады. У Мінску ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец" ля манумента "Брама памяці" прайшоў мітынг-рэквіем.

Кіраўнікі моладзевых працоўных праектаў (камандзіры, камісары студэнцкіх атрадаў) хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых і ўсклалі да манумента кветкі. А запаленымі лампадамі выклалі малюнак з надпісам "Памяць сэрца". Дарэчы, найбуйнейшы ў Беларусі лагер смерці Трасцянец быў створаны нацыстамі восенню 1941. Паводле афіцыйных звестак, тут былі па-зверску закатаваны, расстраляны і спаленыя больш за 200 тысяч мірных жыхароў і савецкіх ваеннапалонных. Па колькасці ахвяр фашызму канцлагер стаў чацвёртым пасля Асвенціма, Майданека і Трэблінкі.

І сёння галоўная задача моладзевай ініцыятывы - захаваць гістарычную памяць аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Рэспубліканскі патрыятычны праект "Памяць сэрца" ўжо ахапіў усе рэгіёны Беларусі.