Памяць загінуўшых у Афганістане ўшанавалі хвілінай маўчання на Востраве мужнасці і смутку

15 февраля 2020
31 год таму ў гэты дзень, 15 лютага, закончыўся канфлікт, які цягнуўся ўдвая даўжэй, чым Вялікая Айчынная. Сёння дзень памяці тых, хто не вярнуўся з Афганістана.

Воінам-інтэрнацыяналістам і ветэранам баявых дзеянняў  накіраваў зварот Прэзідэнт Беларусі  Аляксандр Лукашэнка.


"Разам з бацькамі, жонкамі, дзецьмі салдат і афіцэраў, загінуўшых у далёкім Афганістане, мы памятаем і смуткуем аб сваіх земляках. Ганарымся мужнасцю і стойкасцю беларусаў, якія, выявіўшы гераізм і захаваўшы вернасць прысязе,  сумленна выканалі свой воінскі абавязак", - гаворыцца ў звароце. Дзесяцігадовы ўдзел у баявых дзеяннях абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў на афганскай зямлі  ўжо тады паказаў, наколькі вялікія могуць быць геапалітычныя амбіцыі асобных краін, як высока шануюць мір, стабільнасць і бяспеку. "Гэтыя ўрокі актуальныя і зараз, калі ва ўмовах пашырэння міжнароднага тэрарызму і экстрэмізму  адной з галоўных задач для нашай маладой суверэннай краіны  застаецца захаванне і ўмацаванне незалежнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Беларусь памятае воінаў, загінуўшых у Афганістане


Па традыцыі на Востраве слёз у Мінску сабраліся сотні чалавек - сваякі, сябры, калегі і тыя, каго гэтая вайна не пакінула абыякавым. Ускласці кветкі да помніка таксама прыйшлі прадстаўнікі дзяржорганаў, сілавых ведамстваў, грамадскіх арганізацый, вайскоўцы. На жалобным мітынгу памяць загінуўшых у Афганістане ўшанавалі хвілінай маўчання. 

Вайна доўжылася 10 гадоў і забрала жыцці 15 тысяч воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сярод іх  771 беларус, іх імёны ўшанаваныя на мемарыяле  на Востраве мужнасці і смутку.