Паломнікі з усёй Беларусі ў гэтыя дні з'язджаюцца ў Мінск

22 января 2014

Паломнікі з усёй Беларусі ў гэтыя дні з'язджаюцца ў Мінск, каб на некалькі секунд дакрануцца да Дароў вешчуноў. Пра дарогу да рэліквій - Анастасія Багамолава.



Наталля Мікалаеўна і яшчэ 200 чалавек у Мінск прыехалі з Віцебскай вобласці. Жадаючых пакланіцца святыні сабралася столькі, што замест запланаваных двух у епархіі арганізавалі пяць аўтобусаў.


Святыя Дары вешчуноў - адна з самых ушанаваных святынь у хрысціянскім свеце. Пэўна, менавіта таму шматлікія дзеля паездкі адмянілі ўсе свае планы. А некаторыя прыехалі цэлымі сем'ямі і нават з маленькімі дзецьмі.


Наталля Зубель, паломнік: Калісьці немаўля Ісус гуляў з гэтымі Дарамі сваімі маленькімі ручкамі, і яго Маці Багародзіца ўсё гэта бачыла, назірала. Я думаю, усё-такі нейкая Боская ласка зыходзіць ад гэтых Дароў, і я жадаю прынесці гэты Дар Божы ў свой дом. Сваім дзецям.


Колькасць паломнікаў з кожным днём толькі павялічваецца, прыязджаюць вернікі нават з суседніх краін. Прычым, іх не страшаць ні мароз, ні доўгія чэргі. Дарэчы, стаяць прыходзіцца па 6-8 гадзін. А ўсё дзеля таго, каб на некалькі секунд дакрануцца да святыні з просьбамі, падзякай і духоўна ўзбагаціцца.


Пры гэтым гарадскія ўлады і валанцёры імкнуцца зрабіць усё, каб шматгадзіннае чаканне было максімальна камфортным. Адкрыты кафэ, дзе можна купіць каву, гарбату. А для тых, хто замерз, кругласутачна працуе пункт абагравання.


Андрэй Багданаў, галоўны спецыяліст мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа: У нас выстаўлены палаткі, харчаванне ідзе ад генератараў, працуюць ад цеплагарматы. Любы можа зайсці і абагрэцца, асобна стаіць палатка для дзяцей, дзве палаткі для дарослых.


Дарэчы, Дары вешчуноў прабудуць у сталіцы да 23 студзеня, а ўжо ў пятніцу раніцай рэліквію павязуць у Кіеў. Дзе святыню, а разам з ёй надзею і веру ў цуд, ужо чакаюць вернікі Украіны.