Палата прадстаўнікоў шостага склікання сёння вызначылася са складам пастаянных профільных камісій

18 октября 2016

Дэпутаты абралі месца працы на чатыры гады, улічваючы сваю прафесійную кваліфікацыю і жаданне прасоўваць заканадаўчыя ініцыятывы ў той або іншай сферы. Галасавалі адкрыта ў Авальнай зале са сваіх месцаў. Найбольшая колькасць ахвочых працаваць - у камісіях па міжнародных справах, адукацыі і культуры. Па 12 дэпутатаў. Найменшая - у камісіях па заканадаўстве і па правах чалавека - па 5 парламентарыяў. Сёння галасавалі і па кандыдатурах намеснікаў старшыняў профільных камісій. У кожнай па два-тры дэпутаты. Да новага года парламентарыі плануюць разгледзець больш як 35 праектаў законаў.

Вольга Палітыка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Адстойваць інтарэсы Беларусі і нашых вытворцаў, стварэнне для нашых суб'ектаў гаспадарання ўмоў гаспадарання, прынамсі, не горшых, чым у нашых партнёраў па Еўразійскім эканамічным саюзе. Таму заканадаўчыя акты, якія гэта рэгулююць, шматпланавыя, пачынаючы ад падатковага заканадаўства і заканчваючы тарыфным рэгуляваннем".

Дзмітрый Шаўцоў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Шматвектарная палітыка, якая зараз праводзіцца, будзе працягвацца, і мы цалкам будзем прыкладаць намаганні як парламент. Вядома, мы ўзмоцнена будзем рыхтавацца да летняй сесіі АБСЕ, якая пройдзе ў наступным годзе ў Мінску. Мы будзем пашыраць і ўзбуйняць тыя сяброўскія кантакты і сувязі, якія зараз ёсць у нашых камісіях".

На наступным пасяджэнні, якое адбудзецца ў пятніцу, парламентарыям ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаць дэпутацкія пасведчанні. Пасля запланаваная тыднёвая праца ў выбарчых акругах.