Чаканне парада. Прамое ўключэнне з даху гасцініцы "Планета"

3 июля 2017

А ці збіраюцца гледачы? Пляцоўку ля стэлы "Мінск - горад-герой" лепш за ўсё відаць Станіславу Ліпскаму.

Працягваем працаваць на даху гасцініцы "Планета", агляд у нас выдатны, таму сцвярджаю: госці падцягваюцца, аднак стрэлка гадзіннікаў толькі набліжаецца да 08:30, да старту парада яшчэ паўтары гадзіны - аншлагу пакуль няма. Карыстаючыся выпадкам, папрашу аператара паказаць карцінку, якую бачым мы адгэтуль. На гарызонце ў пачатку праспекта Машэрава ўжо знаходзіцца калона з ваеннай і цывільнай тэхнікай, за ёй размясціліся пешыя разлікі, на тэрыторыі вакол стэлы "Мінск - горад-герой" арганізаваныя спецыяльныя пункты надгляду, зразумела, бяспека самая важная. Крыху правей бачу, на прапускным пункце каля Палаца спорту ўжо ёсць людзі. Гэта, мабыць, тыя, хто прывык сачыць за парадам з так званых першых радоў. Таксама адгэтуль я выдатна бачу нашу студыю АТН, перасоўныя тэлестанцыі таксама як на далоні, дарэчы, у 09:50 менавіта яны пачнуць трансляцыю парада. Сёлета ўбачыць карцінку з Мінска ў прамым эфіры змогуць і тэлегледачы тэлеканалаў “Расія 24”, "Мир" і "Мир 24". Так што ўбачыць наша свята змогуць мільёны тэлегледачоў па ўсёй планеце - гэта факт. Што датычыцца надвор'я, то, узіраючыся ўдалеч, заяўляю - неба зацягнута над усім Мінскам, але спадзяюся, што дажджу не будзе. Сталіца ж адгэтуль выглядае ўражліва - Мінск расце, з кожным годам зменьваецца, новыя сучасныя будынкі з'яўляюцца, але, што самае прыемнае, яны ні ў якім разе не засланяюць такія маляўнічыя месцы, як парк Перамогі. У нашай сталіцы хапае зялёных астраўкоў, якія яшчэ больш вабяць гасцей і ў Мінск, і ў Беларусь. З Днём Незалежнасці яшчэ раз віншую ўсіх нас і ўжо ў наступным сваім прамым уключэнні распавяду пра перакрытыя вуліцы ў сувязі з правядзеннем парада, а таксама ацаню дынаміку з'яўлення тут гасцей парада. Упэўнены, у іх, як і ў мяне, настрой выдатны.