Аздараўленчыя лагеры рыхтуюцца да летняга сезона

12 мая 2016

Аздараўленчыя лагеры рыхтуюцца да летняга сезона - атрымліваюць пашпарты гатоўнасці і завяршаюць рамонт. Усяго ў Мінскай вобласці сёлета адпачнуць больш за 50 тысяч дзяцей. Адметнасць гэтай аздараўленчай кампаніі - профільныя змены. Для юных лінгвістаў, педагогаў, журналістаў і спарстменаў. Надзея Сербіненка наведала месцы адпачынку яшчэ да пачатку першай змены.

Лагер «Дружба» – адзіны ў Дзяржынскім раёне. За лета тут адпачываюць 800 школьнікаў. У гэтым сезоне аздараўленчая пляцоўка стане міжнароднай – тут чакаюць дэлегацыю з Ленінградскай вобласці.

Віктар Чыжэўскі – дырэктар лагера – ў прадчуванні актыўнай летняй пары. Але зараз кіраваць прыходзіцца не адукацыйным працэсам, а будаўнічым. Ва ўсіх карпусах заканчваецца касметычны рамонт. Дарэчы, фінансавую падтрымку лагера не першы год аказваюць буйныя прадпрыемствы раёна.

Аднавіць летнія лагеры да сезона дапамаглі і жыхары Мінскай вобласці – удзельнікі рэспубліканскага суботніка. Сабраныя сродкі пайшлі на аднаўленне памяшканняў і пакупку новай мэблі.

Кошт пуцёўкі у аздараўленчыя лагеры Мінскай вобласці ў асноўным не перавышае тры мільёны рублёў. Да таго ж, для кожнага дзіцяці прадугледжана дзяржаўная датацыя на летні адпачынак. Першых школьнікаў у лагерах прымуць ужо напачатку чэрвеня.