Адказы на ўсе жыллёва-камунальныя пытанні па адным нумары

15 августа 2017

У Мінскай вобласці разглядаецца магчымасць стварэння адзінай дыспетчарскай службы ЖКГ – 115. Такая ўжо існуе ў сталіцы. Пілотны ж праект для цэнтральнага рэгіёна рэалізуюць у Барысаве.

Што паказаў аналіз званкоў і як у цэлым развіваецца гэты буйны прамысловы горад? Даведаўся Аляксей Кандраценка. Сярод многіх кароткіх нумароў 115 ужо добра знаёмы жыхарам Мінска і Віцебска. І вось у барысаўчан таксама ёсць магчымасць вырашыць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў новым фармаце. Няма вады ці электрычнасці? У двары не прыбіраюць смецце? Званок у адзіную дыспетчарскую службу - і за вырашэнне пытання бяруцца профільныя спецыялісты. Ім аператыўна паступае электронная заяўка. Калі ж да барысаўчан не прыехалі супрацоўнікі ЖКГ ці іх работа выканана няякасна, гэта таксама нагода для тэлефанавання на нумар 115. Пакуль, праўда, толькі з гарадскога тэлефона.

А вось да якасці пітной вады менш за ўсё нараканняў. У Барысаве бесперабойнае водазабеспячэнне. Да таго ж уся вада артэзіянская. Аднак мадэрнізацыя працягваецца - трэба мяняць вадаводы і калектары.

Сёння ў Барысаве нямала і жылых дамоў, якія маюць патрэбу ў абнаўленні. І гэтае пытанне таксама на кантролі кіраўніцтва горада.

Дарэчы, у перспектыве капрамонты дамоў па Мінскай вобласці могуць выконваць роўна за адзін месяц. Сутнасць пілотнага праекта Міністэрства ЖКГ - чым менш доўжыцца будаўніцтва, тым яно таннейшае. Але пры высокай якасці. У асноўным гэта рэстаўрацыя даху, фасадаў і інжынерных сетак. У эксперыменце, які пачнецца ў верасні, ўдзельнічаюць 10 дамоў у Мінску і па 6 у кожнай вобласці.