Атручэнне грыбамі - тэма актуальная

16 августа 2013
Толькі з пачатку жніўня ў мінскую бальніцу хуткай дапамогі даставілі ўжо 6 аматараў ціхага палявання. Прычым колькасць пацярпелых ад неядомых грыбоў павялічваецца.

Якія грыбы лепш абмінаць, даведаўся Андрэй Цімашэнкаў.

Сярод пацярпелых ад атручэння грыбамі аказалася і Аляксандра, якая лічыць сябе грыбніком з немалым вопытам. І добра ведае, як адрозніць ядомыя грыбы ад неядомых. Але памыляцца ўласціва нават прафесіяналам. Грыбны суп, якім павячэрала ўся сям'я, змарыў толькі гаспадыню - відаць, ядавіты грыб апынуўся менавіта ў яе талерцы.

З пачатку грыбнога сезона, з красавіка, машыны мінскай бальніцы хуткай дапамогі даставілі больш за 35 аматараў ціхага палявання. Прычым, шасцёра атруціліся ў жніўні. На шчасце, смяротных выпадкаў не было. Спецыялісты заклікаюць грыбнікоў быць уважлівымі і своечасова звяртацца па медыцынскую дапамогу.

Асноўная частка пацыентаў паступіла пасля ўжывання ў ежу вясновых грыбоў смарчкоў і страчкоў. Калі смарчкі з'яўляюцца ўмоўна ядомымі грыбамі і выкарыстоўваць у ежу іх можна толькі спецыяльна апрацаваўшы, то страчкі ўвогуле ядавітыя. Некаторыя блытаюць гэтыя грыбы з-за іх падабенства.

Для аматараў ціхага палявання ўмоўна ядомыя грыбы - лёгкая здабыча. Праўда, калі іх прыгатаваць няправільна, шкоды будзе не менш, чым ад ядавітых. Лепей адмовіцца ад усіх умоўнасцяў і класці ў кошык толькі знаёмыя грыбы.