Адкрыты дыялог Прэзідэнта з журналістамі актыўна абмяркоўваецца на старонках друкаваных і інтэрнэт-выданняў

31 января 2015

Знешняя палітыка, рэгуляванне росту цэн, золатавалютныя рэзервы, па якім шляху Беларусь плануе развівацца далей, і нават пытанне аб тым, дзе Прэзідэнт захоўвае свае грошы. Усе гэтыя тэмы зараз актыўна абмяркоўваюцца на старонках друкаваных і інтэрнэт-выданняў. Адкрыты дыялог журналістаў з Кіраўніком дзяржавы падняў вялізны інфармацыйны пласт і выклікаў грамадскае абмеркаванне. Пра што распавядуць сваім чытачам і гледачам карэспандэнты Брэсцкай вобласці, даведвалася Вікторыя Патоня.

Для Аляксандры Джажоры сустрэча ў такім фармаце з беларускім лідарам - першая. Маладога менеджара і адначасова маці траіх дзяцей хвалявалі пытанні падтрымкі шматдзетных сем'яў, будаўніцтва, адукацыі, эканомікі, турызму.

Аляксандра Джажора, галоўны рэдактар газеты "Івацэвіцкі веснік": "Я спыталася ў Кіраўніка дзяржавы: Якія б аб'екты альбо месцы ён аднёс у спіс лепшых у нашай краіне для наведвання і адпачынку? Ён адкрыта сказаў, што любіць усю Беларусь і выбіраць нешта дакладна ён не задаваўся такой мэтай. І я з ім згодная, бо наша краіна вельмі прыгожая".

Чытачы "раёнкі" ўжо ў найбліжэйшым выпуску даведаюцца: якую падборку зрабілі ў рэдакцыі па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам. Нумар практычна звярстаны, тры паласы цалкам прысвечаны дыялогу.

Новыя тэмы для дыскусій з чытачамі сустрэча з Кіраўніком дзяржавы падарыла і аглядальніку абласной газеты "Заря" Яўгену Літвіновічу. Гісторыка па адукацыі цікавілі пытанні знешняй палітыкі.

Яўген Літвіновіч, рэдактар аддзела рэдакцыі брэсцкай абласной газеты "Заря": "На мерапрыемстве прысутнічалі і масмедыя Украіны і Расіі, што яшчэ больш падкрэслівала, што мы не страчваем сувязі з гэтымі братэрскімі для нас рэспублікамі і ўносім свой пасільны ўклад у тое, каб нейкім чынам урэгуляваць сітуацыю, якая зараз адбываецца на паўднёвым усходзе Украіны".

Адной з першых атмасферу адкрытага дыялогу перадала сваім гледачам і кіраўнік аддзела навін ТРК "Брэст" Аліса Грыгарчук. Яе сюжэт ужо паглядзелі ў эфіры жыхары Брэсцкай вобласці.

Аліса Грыгарчук, загаддзела ТРК "Брэст": "Найважнейшае, мне здаецца, што мы адтуль вынеслі, гэта адчуванне неабходнасці ўсеагульнай кансалідацыі + і разуменне таго, што ўсе мы ў адной лодцы (і дзяржаўныя, і незалежныя СМІ, вялікія і маленькія), назва якой Беларусь. І ад кожнага з нас залежыць тое, якой яна будзе сёння, заўтра, у будучыні".

Гэтую сустрэчу ў фармаце адкрытага дыялогу Кіраўніка дзяржавы з журналістамі эксперты ўжо назвалі галоўнай падзеяй студзеня. А адкрыцці беларускага лідара працягваюць цытаваць як айчынныя, так і замежныя масмедыя.