Вялікія планы на кароткую ваду. Адкрыты чэмпіянат па плаванні на дыстанцыі 25 метраў праходзіць у Мінску. Галоўная мэта ўдзельнікаў - трапіць у зборную горада, каб пасля выступіць на чэмпіянаце Беларусі. Упершыню спаборніцтвы такога ўзроўню правялі ў спарткомплексе «Трактар». Цэнтр адкрылі год таму пасля маштабнай рэканструкцыі. Зараз тут ёсць усё для правядзення не толькі гарадскіх спаборніцтваў, але і турніраў міжнароднага ўзроўню.
Сяргей Мацвяенка, дырэктар гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву па водных відах спорту: "Судзейства арганізаванае на высокім узроўні, ёсць трыбуны - сёння ў краіне няма ніводнага такога басейна на 25, які мае такія ўмовы. Трыбуны ў нас разлічаныя на 300 чалавек, электронная сістэма дасканалая. Тут ёсць раздзявалкі для суддзяў, увогуле, усё, што трэба для правядзення спаборніцтваў такога ўзроўню".
Адкрыты чэмпіянат сталіцы праходзіць тры дні. За гэты час на старт выйдуць амаль 200 маладых спартсменаў. Усе яны - выхадцы з сямi спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў сталіцы.













