Адкрыты прыём заявак на ўдзел у нацыянальным адборы на "Еўрабачанне-2021"

1 января 2021

Белтэлерадыёкампанія адкрывае прыём заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборы на "Еўрабачанне-2021". Медыяхолдынг традыцыйна выступае арганізатарам праекта як адзіны прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза ў нашай краіне. Прыём заявак праходзіць на афіцыйным сайце кампаніі tvr.by. Там ужо можна азнаёміцца з палажэннем конкурсу і размясціць неабходныя дакументы, інфармацыю пра сябе і песню.

Упершыню ў гісторыі нацыянальнага адбору трэба даслаць відэазапіс выканання кампазіцыі ў рэжыме жывога гуку. Да ўдзелу запрашаюцца як сольныя выканаўцы, так і калектывы саставам не больш за 6 чалавек. Кандыдатамі могуць стаць беларускія і замежныя артысты ад 16 гадоў. Пры гэтым у кожнага прэтэндэнта ёсць права толькі на адну заяўку. Згодна з умовамі конкурсу, песня павінна быць камерцыйна не рэалізавана і доўжыцца не больш як тры хвіліны. Моўныя абмежаванні адсутнічаюць.

Заяўкі прымаюцца да 31 студзеня. У якім фармаце пройдзе фінал, будзе вызначана арганізатарамі з улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі. Пераможца праекта прадставіць нашу краіну на "Еўрабачанні-2021" у Ратэрдаме.