Адкрыты новы сезон на Аўгустоўскім канале

1 апреля 2017

Слалам і марафон па гродзенскіх рэках на байдарках. Турысты з Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны адкрылі сёння новы сезон на Аўгустоўскім канале.

Больш як 300 чалавек прынялі ўдзел у традыцыйным (42-ім па ліку) міжнародным фестывалі "Нёманская вясна". Праграму гэтага турыстычнага свята арганізатары распрацоўвалі спецыяльна. Байдарачныя маршруты падбіралі як для прафесіяналаў, так і турыстаў-аматараў. Дарэчы, кожны год колькасць гасцей фестывалю толькі расце. Па прызнанні прадстаўнікоў польскай каманды, вялікую ролю ў гэтым сыграў і бязвізавы рэжым на Аўгустоўскім канале.

Турыстычны фестываль на Аўгустоўскім канале прадоўжыцца ўвесь уікенд. Удзельнікі будуць спаборнічаць у доўгіх заплывах на акваторыі самога канала, а таксама пройдзе конкурс слалама па рацэ Асташанкі – на думку экспертаў, яе рэчышча выдатна іміціруе горныя рэкі і парогі. Фіналам "Нёманскай вясны" стане водны марафон з элементамі арыентавання. Маршрут разлічаны на 12 кіламетраў па фактычна бязлюднай мясцовасці на рацэ Чорная Ганча.