Адкрылася XXVII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш

5 февраля 2020
У комплексе "БелЭкспа" адкрылася XXVII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш.

У сталіцу прыехалі кіраўнікі і супрацоўнікі вядучых выданняў, папулярныя аўтары, літаратуразнаўцы, паліграфісты і маркетолагі з 30 краін свету. Наш форум па праве завуць адным з самых маштабных на постсавецкай прасторы. Ганаровы госць гэтага года - Расія, а цэнтральны экспанент - Злучаныя Штаты Амерыкі. У праграме - больш за 500 мерапрыемстваў не толькі ў Мінску, але і па ўсёй краіне ў кнігарнях, бібліятэках, музеях, ВНУ і школах.

Больш падрабязна раскажа наш карэспандэнт Ніна Мажэйка. Яна працуе на галоўнай пляцоўцы на праспекце Пераможцаў. 

Больш як 10 000 навінак з 30 краін


У  Мінскай міжнароднай кніжнай выставе ўдзельнічаюць роўна 386 экспанентаў. Пры такой колькасці прапаноў гасцям спатрэбіцца як мінімум некалькі гадзін, каб абысці ўсе стэнды. Хоць варта адзначыць, што арыентавацца на выставе даволі проста: у гэтым дапамагаюць спецыяльныя інфакіёскі і буклеты.

XXVII Міжнародная кніжная выстава адкрылася 


Афіцыйнае адкрыццё адбылося апоўдні. Старт форуму даў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы. Рыгор Рапота скарыстаўся нагодай і традыцыйна прайшоўся па экспазіцыі. Яго ўражанні зараз.

Расія - ганаровы госць кніжнай выставы


Расія сёлета ганаровы госць. У праграме суседзяў - прэзентацыі кніжных навінак, у тым ліку катэгорыі нон-фікшн, дзіцячая літаратура, а таксама спецыяльныя серыі. Напрыклад, "Музейная лінія" - зборы вядучых музеяў ад акадэмічнай Траццякоўкі да сучаснага "Гаража". Акрамя таго, менавіта расійскі павільён стане тэрыторыяй майстар-класаў і дыскусій з папулярнымі аўтарамі. Чакаем цэлы спіс, напрыклад, Аляксандру Марыніну і Таццяну Усцінаву, акрамя таго, выставу наведае стваральнік "Вожыка ў тумане" Юрый Нарштэйн.

Цэнтральны экспанент кніжнай выставы - ЗША


Цэнтральны экспанент у тым годзе ЗША. Іх канцэпт грунтуецца на краіназнаўстве. Ужо прайшла сустрэча з амерыканскім пісьменнікам і падарожнікам Дугласам Макам. Аўтар піша пра падарожжы, культуру і гісторыю. Яго аповеды з'яўляліся на старонках New York Times, National Geographic Traveler. У Мінск прыехаў са штата Мінесота. Гэта значыць, пераадолеў амаль 7700 км. А вось каб пагаварыць з консулам амерыканскага пасольства Алетай Ковенскі, неабавязкова ляцець праз акіян. Пытанні пра візы можна будзе задаць менш як праз гадзіну.

Выстава-кірмаш падоўжыцца па 9 лютага


Нягледзячы на тое што наперадзе некалькі дзён працы форуму, я б не раіла губляць час, бо мерапрыемстваў сапраўды вельмі шмат - гэта і прэзентацыі, і аўтограф-сесіі, і нават гастранамічныя перформансы. А завершыцца сённяшні дзень - адкрыццё выступленнем бардаў.