Адкрылась маштабная выстава выяў святых

20 декабря 2017

Агульныя святыя для хрысціян Захаду і Усходу ўпершыню на адным вернісажы

Сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося адкрыццё маштабнай выставы выяў святых, якіх шануюць і каталікі, і праваслаўныя . Усе творы створаныя сучаснікамі з розных куткоў свету - ад Іспаніі да Расіі. І сімвалічна, што прэзентацыя міжнароднага праекта прайшла ў Беларусі, дзе на працягу многіх стагоддзяў мірна ўжываюцца розныя канфесіі. Хрысціянская гісторыя Еўропы ў рэпартажы Іны Пілевіч.

Гэтых святых немагчыма сустрэць разам ні ў адной храмавай прасторы, ні ў манускрыптах. Тут і апосталы ІІ стагоддзя, і пакутнікі, якім маліліся вернікі больш за тысячу гадоў таму. Гісторыя хрысціянскай Еўропы ад Сіцыліі да Скандынавіі ў іконах. На вернісажы выявы святых, праслаўленых да 1054 года - моманту падзелу царквы на Усходнюю і Заходнюю.

Святых непадзеленай царквы напісалі сучаснікі. Больш за сто майстроў розных веравызнанняў з 15-ці краін звярнуліся да сваіх духоўных каранёў.

Паколькі большая частка вобразаў агульнахрысціянскіх святых не захавалася, сучасныя іканапісцы карысталіся літаратурнымі крыніцамі. Адпаведна інфармацыя з жыццяпісаў знаходзіць адбітак у кампазіцыі. Так, на іконе святога Іераніма прысутнічае леў. Паводле падання, святар выратаваў жывёліну, якая ў знак падзякі стала пастаянным спадарожнікам святога.

Напісанне новай іконы старажытнага святога далёка не гістарычная рэканструкцыя. Прадэманстраваныя выявы атрымаліся розныя стылістычна. Адны аўтары абапіраліся на праваслаўныя каноны, другія - на каталіцкія. Між іншым святыя напісаны ў традыцыйных тэхніках яечнай тэмперы, мазаікі, разьбы па дрэве, керамікі і гравюры.

Ініцыятарам праекта выступіла праваслаўная Масква. Арганізатараў натхніла сустрэча Папы Францыска і Патрыярха Кірыла на Кубе год таму. І сімвалічна, што працяг міжканфесійнага дыялогу вырашана прэзентаваць у Беларусі - краіне, дзе на працягу многіх стагоддзяў мірна жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў. Экспазіцыю чакае міжнароднае турнэ. Пасля Мінска выстава адправіцца ў Перм.