Айчынныя кветкаводы трымаюць якасць на ўзроўні

3 июня 2014
Пара выпускных і экзаменаў - час кветкавага буму ў краіне. Але з кожным годам імпарт букетаў у Беларусі падае на некалькі мільёнаў. А гэта значыць, што айчынныя кветкаводы трымаюць якасць на ўзроўні.

Сюжэт - Юліі Плытнік.

Рэйтынг самых папулярных імпартуемых кветак сёлета амаль не змяніўся. Першае месца ружы - 9,8 мільёна штук. На другім месцы - хрызантэмы - іх прывозяць амаль 5 мільёнаў штук. А гваздзікі на трэцім месцы - крыху больш за 4 мільёны. А вось дарагіх архідэй не шмат - усяго 37 тысяч штук.

Валянціна Ракевіч, загадчыца кветкавага магазіна: Наш букет, які складзены з беларускай ружы. Тут дадаткі імпартнай вытворчасці, пакаванне імпартнае. Для таго каб выгадаваць імпартныя дадаткі, яны вельмі дарагія, таму мы большы ўхіл робім на ружы. Па кошце яны таксама нашмат даражэй за нашы беларускія ружы.

Эксперты канстатуюць: імпарт кветак меншае з кожным годам. Прычына адна - беларускую кветку можна купіць значна танней. Тады навошта пераплачваць?
Калі ў 2010-ым у Беларусь завезлі 24 мільёны штук кветак, то праз год - 18 з паловай мільёна штук. 2012 год - яшчэ на мільён менш - 17 з паловай.

У далёкім 2003 годзе доля айчынных кветак не перавышала 15%. Больш за 90% прадукцыі завозілася з Галандыі. 2007 год - продажы беларускіх кветак засталіся нязменныя. А вось імпарт з Галандыі стаў менш - 52%. Сталі вазіць з Калумбіі і Эквадора - 27% і 16% адпаведна. 5% прывозілі з афрыканскіх краін.

Ружа займае больш як 50% унутранага рынку. Цэннік на яе вар'іруецца ад вышыні сцябла. За добрую беларускую ружу ў магазінах вытворцаў можна аддаць 30-35 тысяч, тады як за імпартную - 50-60 тысяч. А якасць кветкі і прыгажосць бутона залежаць ад догляду ў цяпліцы: тут важна захаваць баланс тэмператур, вільготнасці і асвятлення, гавораць спецыялісты.

Павел Зянкевіч, выконваючы абавязкі галоўнага агранома КУП Кветкі сталіцы: Ружы паліваюцца ў залежнасці ад асвятлення і тэмпературы ў цяпліцы. Але вось калі зараз браць, то гэта ад 6 да 8 паліваў. Палівы ў нас адбываюцца праз аўтаномную кропельніцу, якая падводзіцца да кожнай расліны, ну і там, у залежнасці ад асветленасці і тэмпературы, патрэбная колькасць мілілітраў выліваецца вады з пажыўным растворам.

Эканоміка прывазной кветкі выглядае прыкладна так.

Купляем у Галандыі калу за 74 еўрацэнты, плацім мытную пошліну - альбо 5% ад мытнага кошту альбо ад вагі - але не меней 0,3 еўра за 1 кг. Яшчэ трэба прайсці тры платныя фітакаранцінныя надгляды. Па выніку кошт узрастае ў два разы - у Беларусі кала будзе каштаваць 1,5 еўра або 20 тысяч рублёў.

Цэны на замежных аўкцыёнах іграюць на руку беларускім вытворцам. Пакуль цэннік на імпартныя кветкі расце, айчынныя пастаўшчыкі падлічваюць прыбытак.