Адпачыць пасля цяжкага рабочага дня рэальна за паўгадзіны

7 марта 2016

Цудоўную капсулу для аднаўлення біялагічнага патэнцыялу чалавека распрацавала другакурсніца эканамічнага факультэта БДУ. Сліп-бокс будзе абсталяваны расслабляльнымі сродкамі адпачынку. Пакуль выкананы макет праекта і пралічаны бізнес-план. Падрабязней - Таццяна Кароль.

Алена Куранава распрацоўвала цудоўную капсулу паўгода. Так званая Vita-Caps, або Капсула жыцця, дазваляе чалавеку на працягу паўгадзіны аднавіцца пасля напружанага рабочага дня, прынамсі, так сцвярджае распрацоўшчыца. Беларуская навінка ў цане ў 60 разоў эканамічнейшая за замежныя аналагі, і гэта далёка не ўсе перавагі.

Унутры бокса будуць створаныя ўсе ўмовы для адпачынку чалавека: тут можна памераць ціск і частату пульсу, выпіць чыстай вады, уключыць колерамузыку. У салон падаецца паветра, узбагачанае кіслародам. Ёсць функцыя ароматэрапіі і нават бясплатны WI-FI. Пакуль выпрабаваць чароўнае дзеянне на сабе нельга: праект на тэарэтычнай стадыі.

Гэтая распрацоўка стала часткай моладзевага праекта "100 ідэй для Беларусі". Сёння Алена Куранава вырашае, дзе лепш змясціць першы асобнік гатовай капсулы. Пакуль плануе ў родным універсітэце: такі экспрэс-адпачынак можна зладзіць сабе нават паміж парамі. А адна з функцый дазволіць нават праслухаць лекцыю ў рэлакс-машыне.

Новы праект ужо зацікавіў інвестараў. І ў перспектыве цудоўныя капсулы будуць усталяваныя ў гарадскіх парках і супермаркетах. А магчыма, хутка і кожны ахвотнік зможа набыць сабе такую новую форму адпачынку.