Асобныя калекцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны занесеныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны

20 октября 2019

У лясах, балотах, палях і гарадах  гэтыя экспанаты беражліва збіралі па ўсёй краіне і далёка за яе межамі. Тысячы артэфактаў - ад скальпеля да цяжкай ваеннай тэхнікі - у экспазіцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны,  дарэчы, першага ў свеце. Калекцыі сталі фарміраваць за паўтара года да заканчэння вайны. І калі савецкія салдаты вызвалялі Еўропу, у Мінску ўжо экспанавалі іх асабістыя рэчы, распавядалі аб подзвігах герояў і зверствах нацызму.

Гэта адзіны музей Беларусі, дзе асобныя калекцыі занесеныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Рукапісныя партызанскія часопісы і самаробная партызанская зброя маюць першую ахоўную катэгорыю - гэта значыць міжнароднага значэння. Алена Борматава - аб артэфактах Перамогі і тых, хто памяць робіць незабыўнай. 
Расказвае Алена Борматава.

Практычна за сям'ю замкамі, куды ўваход дазволены толькі траім. Нават дырэктар у гэты спіс не ўваходзіць. Мы правядзём вас у сховішча асабліва каштоўных экспанатаў - дзяржузнагарод, якія змяшчаюць каштметалы і камяні. 
Тут некалькі ступеняў абароны і кожны сейф пад сігналізацыяй. Калекцыя фалерыстыкі - комплексы тых, хто нас вызваляў. Ордэны і медалі часта атрымлівалі пасмяротна. 

Апошні бой гвардыі лейтэнанта апісвае аднапалчанін у лісце да маці героя. Цяжкапараненага Міхайлава немцы дабілі куляй у галаву і сарвалі ўсе ўзнагароды. Тут у кожнага экспаната свая гісторыя і лёс. Перш, чым трапіць у экспазіцыю, многія прадметы праходзяць праз рукі рэстаўратараў. У музея свае майстэрні і свае рэаніматолагі ваеннай памяці. На іх рабочым стале - сотні інструментаў - ад зубных шчотак і ватных палачак да станкоў. Праз гэтыя майстэрні праходзіць усё - ад апраў да кулямётаў. 
Абавязковае патрабаванне - зброя павінна быць выведзена з баявога стану.
Нават выпадкова стрэліць яна не можа. Любое - і тое, што бачыць наведвальнік, і тое, што захоўваецца ў фондах. 
У фондах зброя знаходзіцца ў сховішчы-сейфе, якое мае некалькі ступеняў абароны
Па-першае, сігналізацыя выведзена на цэнтральны пункт аховы.
Па-другое, ля ўваходных дзвярэй і рашотак, якія вядуць непасрэдна ў сховішча, знаходзяцца ўнутраныя і кантрольныя замкі. Акрамя гэтага, у шафах, дзе знаходзіцца зброя, ёсць два індывідуальныя замкі, ключы ад якіх знаходзяцца ў сейфе ў захавальніка калекцыі.
Кожная адзінка зброі на міліцэйскім уліку. У кожнага экспаната сваё месца ў шафе. Кожны мае свой асабісты інвентарны нумар. Ён занесены ў анатацыі. Своеасаблівыя пашпартныя даныя. 
Пустыя месцы ў шафе - значыць, зброя знаходзіцца ў экспазіцыі. Тут прадстаўленыя выключна арыгіналы. Пісталет-аўтамат, падораны партызанскімі збройнікамі начальніку цэнтральнага штаба партызанскага руху Панамарэнку. Унікальная калекцыя самаробнай партызанскай зброі, занесеная ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. 62 адзінкі. У спісе яшчэ і калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў. 248 экзэмпляраў.
Адзіны музей у краіне, чые асобныя калекцыі пад аховай дзяржавы. А Беларусь - адзіная на постсавецкай прасторы, хто за час сваёй незалежнасці пабудаваў новы Музей гісторыі Вялікай Айчыннай. 15 з паловай тысяч квадратных метраў, 10 экспазіцыйных зал. 
Гісторыя музея пачалася ў 1943 годзе, калі выйшла пастанова аб стварэнні Музея гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі - гэтая першая назва ўстановы. А вось першыя выставы адкрыліся 22 кастрычніка 1944 года. Гэты дзень, паводле дакументаў, і лічыцца днём нараджэння музея. Ён стаў першым у вызваленай Еўропе Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Так, у фондах з'явілася трафейная зброя і некалькі рэчаў з бункера Гебельса. Напрыклад, чэрап служыў упрыгажэннем на каміне начальніка штаба супрацьпаветранай абароны Берліна Ота Штардэ. Сёння фонды музея складаюць амаль 155 тысяч адзінак захоўвання. І толькі малая частка - каля 3 тысяч - бачная наведвальнікам. За шматбаковую плённую дзейнасць па захаванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і за ўклад у рэалізацыю дзяржапалітыкі ў сферы культуры Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Прэзідэнтам нашай краіны аб'яўлена падзяка.