Аддзяленні Белпошты на сяле працуюць над пашырэннем паслуг для мясцовых жыхароў

20 мая 2019

Сёння першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын азнаёміўся з функцыяналам сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі. Новыя паслугі - гэта сумесны праект Белпошты і Беларусбанка. Яго курыруе ўрад. Так, у больш чым 800 сельскіх аддзяленнях паштовай сувязі жыхары беларускіх вёсак ужо могуць папоўніць дзеючую або атрымаць новую банкаўскую карту, адкрыць рахунак (даступна 7 відаў укладаў), а з 17 мая - аформіць дакументы на атрыманне крэдыту і ўжо літаральна праз тры дні распараджацца крэдытнымі сродкамі. Неўзабаве ў аддзяленнях пошты з'явіцца і новая паслуга - "мабільны паштальён". Акрамя таго, бліжэй да людзей (у першую чаргу сельскіх жыхароў) стане анлайн-гандаль. Афармляць пакупкі можна будзе з дастаўкай прама ў аддзяленні паштовай сувязі. 

Аляксандр Турчын, першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: "Мэта - каб жыхар на сяле мог атрымліваць увесь комплекс паслуг, у тым ліку банкаўскіх паслуг, якія атрымлівае гарадскі жыхар. Калі ўявіць, што мы хочам, гэта можна сказаць нашым тэрмінам "паштальён будучыні". Сёння з дапамогай гаджэта, з дапамогай іншых прылад фактычна чалавек можа адкрыць рахунак, аформіць крэдыт, заказаць і аплаціць тавар, зрабіць плацёж за камунальныя паслугі. Таму паштальён і пошта становяцца такім цэнтрам развіцця сельскіх населеных пунктаў. Плюс да гэтага мы сёння абмяркоўвалі яшчэ магчымасць дастаўкі лекаў, таму што для пенсіянераў гэта таксама адзін з немалаважных аспектаў іх жыцця".

Каб рэалізаваць праект дастаўкі лекаў у аддзяленні Белпошты на сяле, Міністэрству аховы здароўя даручана аператыўна падкарэктаваць заканадаўчую базу. Усе новыя паслугі плануецца рэалізаваць да канца года. Гэта зробіць умовы для жыцця і працы на сяле больш камфортнымі. Такую задачу перад урадам неаднаразова ставіў Кіраўнік дзяржавы.