Аддзяленне кароткатэрміновага знаходжання адкрылася ў бальніцы хуткай дапамогі

1 апреля 2019

Новы падыход да экстраннага лячэння. Аддзяленне кароткатэрміновага знаходжання - адзінае ў Беларусі - сёння адкрылася ў бальніцы хуткай дапамогі. Там пацыенты будуць знаходзіцца ад некалькі гадзін да 2 сутак. За гэты час спецыялісты правядуць шэраг абследаванняў, каб вызначыць, ці мае патрэбу пацыент у далейшай шпіталізацыі або зможа атрымліваць дапамогу амбулаторна. Навіна асабліва дарэчы напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў. Менавіта бальніца хуткай дапамогі стане галоўным медыцынскім цэнтрам падчас мультыспартыўнага форуму. Зараз у клініцы мадэрнізуюць і іншыя аддзяленні. Якія яшчэ ноу-хау укараняюць сталічныя медыкі - пацікавілася Аляксандра Кавеліч. 

Кантраляваць сардэчны рытм зараз дапамагае кардыяманітор, паралельна  спецыялісты праводзяць дадатковую дыягностыку. Усё гэта ў палаце кароткатэрміновага знаходжання. Ірына Гуніч сёння стала першай пацыенткай новага аддзялення бальніцы хуткай дапамогі. Сюды накіроўваюць людзей з рознымі сімптомамі для найбольш хуткага абследавання. 

У новым аддзяленні  хуткай дапамогі - адзіным у краіне - пацыенты змогуць праводзіць ад некалькіх гадзін да 2 сутак. За гэты час урачы вызначаць, ці мае патрэбу чалавек у далейшай шпіталізацыі або зможа атрымліваць дапамогу амбулаторна. 

Вольга Солтан, загадчыца аддзялення кароткатэрміновага знаходжання бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі: "Аддзяленне створана, каб разгрузіць прыёмнае аддзяленне, каб разгрузіць профільныя аддзяленні. Тут будуць пацыенты тэрапеўтычнага профілю - гэта кардыялогія, пульманалогія. Усе тыя катэгорыі пацыентаў, стан якіх можа за суткі змяніцца  як у лепшы бок, на што мы накіраваныя, так і ў горшы, каб у гэтым выпадку можна было аператыўна дапамагчы".

Штодзень у бальніцу хуткай дапамогі паступаюць каля 300 пацыентаў. Каб скараціць час чакання і аптымізаваць працу, значна мадэрнізуюць прыёмнае аддзяленне. Размяркоўваць патокі пацыентаў у залежнасці ад іх стану дапаможа новая сістэма навігацыі. 

Сяргей Дылеўскі, загадчык прыёмнага аддзялення бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі:  "У зялёны калідор трапяць тыя, хто сам прыехаў,  нескладаныя выпадкі. У жоўтую зону будуць адпраўляць пацыентаў сярэдняй ступені цяжару. І чырвоная зона - гэта рэанімацыйныя пацыенты, якіх адразу будуць накіроўваць у палату рэанімацыі, дзе з імі будуць працаваць рэаніматолагі і ўрачы-спецыялісты".

Пры гэтым  у зялёным калідоры  абсталююць асобны ўваход са сваёй рэгістратурай і электроннай чаргой. Новыя падыходы да аказання меддапамогі ўкараняюць напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў. Менавіта БХМП стане цэнтральнай клінікай падчас маштабнага спартыўнага форуму. У дні спаборніцтваў там будуць пастаянна дзяжурыць урачы з веданнем замежных моў. 

Абновяць і медыцынскае абсталяванне ў палатах рэанімацыі, а таксама аперацыйных. У 20-ці хірургічных залах кожны дзень праводзяць больш за паўсотні складаных аперацый. Большая частка з іх экстранныя. 

Яшчэ адно новаўвядзенне хутка з'явіцца не ў самім будынку бальніцы. Каля прыёмнага аддзялення пачнецца будаўніцтва верталётнай пляцоўкі. Гэта дапаможа максімальна аператыўна дастаўляць складаных пацыентаў з розных куткоў краіны, каб яны своечасова атрымалі неабходную, у тым ліку высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу.