Заняткі па інтарэсах тут ужо знайшлі дзясяткі людзей. Гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, а таксама курсы камп'ютарнай граматнасці. У перспектыве асвоіць танцы. З сучаснымі бабулямі пазнаёмілася Марына Раманоўская.
На заслужаным адпачынку Раіса Данчанка час імкнецца бавіць з карысцю. Зараз асвойвае розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Па душы натуральныя матэрыялы. Такія сувеніры ручной працы, не сумняваецца майстар-пачатковец, сапраўднае упрыгажэнне інтэр'ера.
Заняткі па гусце і ўзросце ў невялікім аграгарадку Шапечыне можа знайсці любы. Тут адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей. Ужо з першых дзён ахвотнікаў зрабіць больш разнастайным свой вольны час вялізная колькасць. Прыязджаюць нават з суседніх вёсак.
У аддзяленні адкрыты чатыры гурткі па інтарэсах. Тут можна асвоіць тонкасці фларыстыкі, вязання, саломапляцення. Прадугледжаны як групавыя, так і індывідуальныя заняткі.
У топе самых папулярных - курсы камп'ютарнай граматнасці. Валянціна Мацюшкіна ўжо паспела асвоіць Інтэрнэт. Зараз з унукамі сучасная бабуля можа размаўляць і ў сацсетках.
Паміж заняткамі - рытмічная і дыхальная гімнастыка, а таксама практыкаванні на трэнажорах. Хутка тут асвояць танцавальнае мастацтва. У найбліжэйшы час у Віцебскім раёне з'явіцца яшчэ адно аддзяленне для людзей пажылога ўзросту.
А яшчэ тут з'явілася традыцыя разам адзначаць святы. Гэтай вясной ужо запланавана некалькі пешых экспедыцый. Прайсці па турыстычных маршрутах хочуць у тэхніцы скандынаўскай хадзьбы.













