Асцярожна: на вадаёмах Беларусі тонкі і рыхлы лёд! Крыштальнае пакрыццё, якое толькі нядаўна ўмацавалася, з-за адлігі зноў імкліва растае і разбураецца. Каб не трапіць у пастку, супрацоўнікі АСВОДа рэкамендуюць адмовіцца ад выхаду на акваторыю: у першую чаргу гэта датычыцца аматараў зімовай лоўлі. У крайнім выпадку рыбакоў-экстрэмалаў просяць браць з сабой выратавальную камізэльку і доўгую вяроўку (яны дапамогуць выбрацца з палонкі). Дарэчы, найбольшую небяспеку ледзяны панцыр уяўляе на рэках з хуткай плынню. У Барысаўскім раёне, напрыклад, водная роўнядзь і зусім не замерзла. Толькі на асобных участках таўшчыня лёду дасягала 10 см. Зараз жа сітуацыя рэзка пагоршылася.
Каб прадухіліць няшчасныя выпадкі, ратавальнікі АСВОДа рэгулярна праводзяць рэйды па вадаёмах, правяраюць стан лёду. Акрамя гэтага, нагадваюць правілы бяспекі не толькі рыбакам, прафілактычныя размовы праводзяць са школьнікамі і ў працоўных калектывах.













