Вострае дарожнае пытанне ў гарадскім пасёлку Прылукі

26 марта 2019

Востра на парадку дня стаіць   дарожнае пытанне, асабліва з прыходам вясны. Тэма актуальная і, вядома, хвалюе большасць беларусаў. Пытанні якасці дарожнага пакрыцця ўзнімаліся  і падчас "Вялікай размовы  з Прэзідэнтам". З гэтай праблемай да Кіраўніка дзяржавы звярнулася значная колькасць грамадзян. Бо, калі мясцовыя структуры бяздзейнічаюць - у пошуках рашэнняў людзям прыходзіцца выходзіць на самыя розныя ўзроўні. Сёння мы разгледзім адзін з прыватных выпадкаў - жыхароў гарадскога пасёлка Прылукі. Туды адправілася наша здымачная група. 

Расказвае  Ян Пашкевіч.

Электраправады, якія відаць з зямлі,  трубы, камяні - такі ідэальны абаронны вал ацаніў бы любы сярэдневяковы інжынер. Аднак вернемся ў стагоддзе 21-е - горныя прыступкі тут праклалі жыхары мясцовых дамоў. Абысці ўздоўж дарогі зямельны вал пакуль нерэальна - вада размыла абочыну ўздоўж шашы.

І гэта не адзіны стратэгічны пункт у Прылуках - мясцовыя жыхары нават распрацавалі план выратавальнай аперацыі.

Яшчэ адзін ланцуг абарончых будынкаў утварыўся ля падножжа  вала - тут ужо вадзяны роў, асабліва ў дажджлівае надвор'е. На гэтым месцы перад зімой  змянялі камунікацыі, а таму, каб прытрымлівацца па маршруце карты, нам прыйдзецца яшчэ не раз уключыць рэжым пазадарожніка. 

Аднак у такім віры нязручнасцяў жыхары будуць заставацца нядоўга - зусім хутка мясцовыя "прагульныя сажалкі" плануюць назаўжды асушыць.

Перакрыць жа горную сцежку адказныя службы спрабавалі папераджальнымі таблічкамі - не спрацавала. Абгарадзіць дзіцячую пляцоўку ад пясочнай лавіны плануюць апорнай сцяной падчас уладкавання пешаходных зон па ўсім пасёлку. А вось небяспечныя "выкапні" - ізноў схаваюць пад зямлю ў найбліжэйшы час.

Такім чынам Прылукі апынуліся не гатовыя да такога гіперактыўнага  росту шматкватэрных дамоў - не ўсе камунікацыі спраўляюцца з трафікам, які вырас. Распрацаваць праект абнаўлення пасёлка плануюць сёлета. Тады і стане зразумела, як пройдзе перазагрузка ад вялікай перагрузкі.