Перапады тэмпературы прыводзяць да росту траўматызму. Папаўняюць спіс і траўмы, атрыманыя падчас зімовых забаў. Аб'ём работы беларускіх медыкаў павялічыўся ўдвая. Пра тое, як засцерагчы сябе ад вымушанага паходу ў бальніцу і якія меры прымаюць камунальныя службы, раскажа Лізавета Сіняк.
Няўдалае прызямленне на спіну можа каштаваць пашкоджання пазваночніка. Дактары настойваюць: спяшацца ўставаць пасля падзення не трэба. Спачатку паварушыць рукамі, нагамі, папрасіць прахожых дапамагчы падняцца. Сарамлівасць у гэтай справе лішняя. Самыя траўманебяспечныя месцы падчас галалёдзіцы - прыступкі пад'ездаў, падземныя пераходы, прыпынкі грамадскага транспарту. Медыкі нагадваюць: падзенне можна прадухіліць.
Цюбінг: асцярожна, небяспека!
Медыкі канстатуюць: ёсць ужо і першыя траўмы ад папулярнай зімовай забавы - катання на цюбінгу. Ватрушка можа набіраць вялікую хуткасць, а вось тармажэнне спрацоўвае не заўсёды. Да таго ж дзеці часта катаюцца на неабсталяваных горках, а там дрэвы, слупы і дарога.
Зараз, калі ў краіне выпаў снег, ледзяную корку - нават самую тонкую - не адразу заўважыш. Пачалася гарачая пара для камунальных служб: чысцяць, пасыпаюць. Толькі ў Мінску для ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі ў зімовы перыяд падрыхтавана больш за 700 адзінак тэхнікі. Ёсць 7 пляцовак для часовага складзіравання снегу і адзін снегаплавільны пункт.
Тэхніка пачынае працаваць яшчэ да замаразкаў. Пры неабходнасці складзены і кругласутачны графік. Дарогі пасыпаюць трыма відамі сумесяў. Самай эфектыўнай лічыцца песка-саляная.
Для кантролю неабходных умоў на дарогах у кожным рэгіёне краіны працуе кругласутачная дыспетчарская служба. Штогод з усіх сродкаў, выдзеленых на ўтрыманне дарог, больш чым 40 % прыпадае менавіта на зімовы перыяд.
У Гаррамаўтадары адзначылі: на складах створаны запас антыабледзяняльнікаў. Песка-салянай сумесі нарыхтавана звыш 90 % ад сярэдняй патрэбнасці на зіму, галітам склады запоўнены на 100 %. Па меры расходавання гэтыя запасы будуць папаўняцца. Усё для таго, каб ніякія капрызы надвор'я не заспелі знянацку, бо каляндарная зіма яшчэ нават не пачалася.
Галалёдныя траўмы - сотні беларусаў ужо звярнуліся па меддапамогу
27 ноября 2022













