Астанкі дзевяці салдат Чырвонай арміі перапахавалі ў Гомельскім раёне

16 августа 2019

Паводле архіўных звестак, у кастрычніку 43-га ў гэтых месцах ішлі бязлітасныя баі. Колькасць загінуўшых вылічаецца дзясяткамі тысяч. Іх пошук і ўвекавечанне памяці актыўна вядзецца апошнія пяць гадоў. За гэты час знойдзена больш за 200 чалавек. Усе яны перапахаваныя ў братэрскіх магілах. Устанавіць імёны знойдзеных дзевяці салдат не атрымалася. Вядома толькі, што яны загінулі пры мінамётным абстрэле і належалі 43-му стралковаму корпусу 137-й стралковай дывізіі. Астанкі воінаў перапахавалі ў вёсцы Старыя Дзятлавічы. Ускласці кветкі да мемарыяльных пліт прыйшлі мясцовыя жыхары, вайскоўцы і кадэты, частка з якіх прымала ўдзел у саміх раскопках. 

Павел Дзенісенка,  кіраўнік пошукавага клуба "Пунсовыя пагоны" Гомельскага кадэцкага вучылішча: "Тут была братэрская магіла, яна была ўтвораная яшчэ ў 50-я гады. Гэта ўжо трэцяе перапахаванне нашага клуба на гэтым месцы з 2017, у 2018 і вось у 2019 году сюды тых, каго знайшлі ў наваколлях у Бабовіцкім сельскім савеце Гомельскага раёна, прывозяць менавіта сюды".

Пошукавы клуб "Пунсовыя пагоны" працягвае працу ў наваколлях абласнога цэнтра. Зараз палявыя мерапрыемствы ідуць на мяжы Гомельскага і Веткаўскага раёнаў. З'явілася інфармацыя, што на месцы былога населенага пункта Новы Мір ёсць непазначанае воінскае пахаванне.